Помощничек
Главная | Обратная связь


Археология
Архитектура
Астрономия
Аудит
Биология
Ботаника
Бухгалтерский учёт
Войное дело
Генетика
География
Геология
Дизайн
Искусство
История
Кино
Кулинария
Культура
Литература
Математика
Медицина
Металлургия
Мифология
Музыка
Психология
Религия
Спорт
Строительство
Техника
Транспорт
Туризм
Усадьба
Физика
Фотография
Химия
Экология
Электричество
Электроника
Энергетика

Асаблівасці сінтаксісу навуковага стылю



Ужыванне ў навуковым тэксце многіх сінтаксічных канструкцый мае сваю спецыфіку. З трох тыпаў сказаў па мэце выказвання – апавядальных, пытальных, пабуджальных – перавагу атрымліваюць апавядальныя сказы. Пераважнае ўжыванне апавядальных сказаў у тэкстах дакладных навук (як і ўвогуле ў мове) тлумачыцца асноўнай іх задачай – паведаміць аб чым-небудзь, інфармаваць чытача ў сцвярджальнай або адмоўнай форме.

Па эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўцы апавядальныя сказы часам бываюць клічныя, у такім выпадку яны пераважна ўжываюцца ў значэнні ‘звярніце ўвагу!’. У адносінах да тэксту клічныя сказы могуць быць аўтаномнымі або афармляцца ў выглядзе ўстаўных канструкцый. Напрыклад: А пахі лесу кветак, ягад і садавіны мы адчуваем таксама дзякуючы дыфузіі!(Л.Ісачанкава) (= звярніце ўвагу на тэрмін дыфузія!).

Пытальныя сказы маюць сваю спецыфіку ўжывання: часта яны ўжываюцца ўканструкцыі «пытанне – адказ». Напрыклад: Што чакае сусветную эканоміку: рэцэсія ці ажыўленне? Згодна са звесткамі АЭСР, найгоршае ў глабальным эканамічным спадзе мы ўжо мінулі; Ці трэба замяніць нацыянальны манетарызм на глабальны? У палітыцы неабавязкова. Карэляцыя паміж глабальным ростам грашовай масы і паказнікам ВНП у будучыні не азначае кірунку прычыннасці(Б.Дж.); Паўстае пытанне: якім чынам ажыццяўляць кантроль за станам барцоў? А.І.Заўялаў распрацаваў электракардыяграфічны метад, з дапамогай якога можна вырашыць гэтую складаную задачу(В.І.). Часам пытaльныя сказы ідуць адзін за адным. Такая форма падачы надае матэрыялу падручнікаў папулярны характар, як бы «ажыўляе» яго і разам зтым прымушае чытача задумацца над прачытаным. Напрыклад: Растлумачце, што такое «зваротная сувязь у замежным гандлі»? Ці значыць гэта, што павелічэнне экспарту заўсёды станоўча ўплывае на плацежны баланс краіны? (Б.Дж.).

Пабуджальныя сказы служаць не загадам ці просьбай, а запрашэннем да сумесных дзеянняў (або разважанняў). Напрыклад: Зрабіце табліцу, у якой параўноўваюцца паказнікі долі ВГП у працэнтах, што ідуць на стварэнне прыросту асноўнага капіталу чатырох розных краінаў; Абмяркуйце, наколькі прыдатная тая ці іншая рэч, каб выконваць функцыі грошай: а) золата, б) ікра, в) дыяменты, г) медзь, д) буйная рагатая жывёла(Б.Дж.).

Для навуковага выкладу характэрны сказы, ускладненыя аднароднымі і адасобленымі членамі сказа. Аднародныя члены сказа служаць у навуковых тэкстах для класіфікацыі або сістэматызацыі з’яў, прыкмет, прадметаў і інш. (у мастацкіх тэкстах аднародныя члены сказа служаць яшчэ для ўзмацнення экспрэсіўнасці і эмацыянaльнасці, стварэння рытмічнай прозы і інш.). Імуласціва інтанацыя пералічэння або супастаўлення, і звязваюцца аднародныя члены часцей за ўсё бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў і, не толькі – але і, а, а таксама.Напрыклад: Самалётны спорт, спаборніцтвы на самалётах – адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спартыўных і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі на выкананне фігур вышэйшага пілатажу (у т.л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы(БелЭн).

Ужыванне пабочных і ўстаўных канструкцый у навуковым тэксце мае свае асаблівасці: пабочныя канструкцыі звычайна паказваюць на сувязь і парадак думак, спосаб іх афармлення, крыніцу паведамлення, упэўненасць. Напрыклад: Адначасовае змяненне многіх фактараў складана ўплывае на валютны курс. Напрыклад, распрацоўка нафты ў Паўночным моры, па-першае, зменшыла патрэбы ў імпарце, і крывая прапановы зрушылася ўлева; па-другое, імпарт ператварыўся ў экспарт, і крывая попыту зрушылася ўправа; Такім чынам, манетарысцкая тэорыя дзеля раўнавагі плацяжоў рэкамендуе рэжым плавальных валютных курсаў разам з жорсткім кантролем за грашовай прапановай(Б.Дж.); Сярод самых знакамітых беларускіх атлетаў пачаткуXXстагоддзя быў, безумоўна, Якуба (Якаў) Чэхаў, ураджэнец горада Гродна(В.І.).

Устаўныя канструкцыі могуць быць заўвагамі, удакладненнямі, тлумачэннямі, папраўкамі, дадатковымі звесткамі. Напрыклад: Інтуітыўнае ўяўленне аб парадку абектаў звычайна звязваюць зіх узаемным размяшчэннем у прасторы (бліжэй-далей, вышэй-ніжэй, злева-справа), у часе (раней-пазней), з параўнаннем іх размераў, вагі (больш-менш, лягчэй-цяжэй) і г.д.(І.Кожух).Пабочныя канструкцыі ў сказах звычайна выдзяляюцца коскамі, а ўстаўныя – дужкамі.

Для большай доказнасці сваіх разважанняў аўтар часта звяртаецца да параўнальна-раўналежных зваротаў. Параўнальна-раўналежныя звароты, як пазначаецца ў «Граматыцы беларускай мовы», служаць для вызначэння адпаведнасці, тоеснасці паміж прадметамі, з’явамі на аснове іх прымет або абставін, пры якіх адбываецца дзеянне; яны не маюць метафарычнасці. Параўнальна-раўналежныя звароты выдзяляюцца (або аддзяляюцца) коскамі і пачынаюцца злучнікамі як і, як.Напрыклад: Як папяровыя грошы, так і сучасная банкаўская практыка былі створаны ювелірамі. Ювеліры бралі на захоўванне залатыя манеты і каштоўныя рэчы, а наўзамен выдавалі распіску, якая, па сутнасці, была простым вэксалем (Б.Дж.).

Ад параўнальна-раўналежных зваротаў трэба адрозніваць звароты са злучнікам як,які мае значэнне ‘ў якасці’: На Беларусі барацьба як народны від спорту вядома здаўна.

3 чатырох тыпаў складаных сказаў – складаназлучаных, складаназaлежных, бяззлучнікавых, сказаў з рознымі відамі сувязі (камбінаваных) – у навуковых тэкстах часцей выкарыстоўваюцца складаназалежныя. «У іх падпарадкавальная сувязь, злучнікі ці злучальныя словы дазваляюць больш дакладна выразіць адносіны паміж часткамі складанага сказа, выявіць і ўдакладніць гэтыя адносіны – адносіны часу, умовы, прычыны, месца і г.д.» [8, с. 158]. Напрыклад: Калі імпарт большы за экспарт, мы кажам, што эканоміка мае гандлёвы дэфіцыт, і калі ўсе іншыя паказнікі нязменныя, то гэта зніжае ровень нацыянальнага даходу. Наадварот, калі экспарт большы за імпарт, то мы кажам пра актыўнае, або станоўчае, сальда гандлёвага балансу, і калі ўсе іншыя паказнікі нязменныя, гэта павышае ўзровень нацыянальнага даходу; Продаж і купля тавараў і паслугаў за мяжой улучае два кампаненты ў нашу эканамічную мадэль. Імпарт – гэта адліў грошай, бо грошы, патрачаныя на тавар, ідуць за мяжу, і, наадварот, экспарт – гэта прыліў грошай, бо людзі іншых краінаў ствараюць даход для мясцовых хаўсхолдаў і фірмаў(Б.Дж.);Барцы высокага класа дамагаюцца перамог з дапамогай розных спосабаў тактычнай падрыхтоўкі, найбольш распаўсюджаным з якіх з’яўляецца пагроза. Характэрная асаблівасць гэтага спосабу – актыўнае дзеянне барца з мэтай прымусіць праціўніка звярнуцца да абароны. Чым больш эфектыўны гэты прыём, тым лепшыя ўмовы ствараюцца для іншага прыёму. У якасці пагрозы можа выкарыстоўвацца падманны захоп, каб атакаваны вызваляўся ад яго. Калі барэц шчыльна ўтрымлівае захоп, атакуючы пагражае выканаць абманны контрпрыём(В.І.).

Неабходнасць даваць тлумачэнні паняццям абумоўлівае частае выкарыстанне складаназалежных сказаў з даданымі азначальнымі часткамі (часам ускладненымі адасобленымі азначэннямі ці акалічнасцямі). Напрыклад: Жыллёвы кодэкс – комплексны закон, які ўтрымлівае нормы правоў, што рэгулююць жыллёвыя грамадскія адносіны, і тыя, што спадарожнічаюць ім; Рэчавы доказ – у грамадзянскім і крымінальным працэсе прадметы, атрыманыя і замацаваныя ва ўстаноўленым законам парадку, якія сваімі ўласцівасцямі, знешнім выглядам, месцам знаходжання і г.д. могуць служыць сродкам устанаўлення абставін, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы(С.К.); Падварот можа ажыццяўляцца чатырма спосабамі: паварот на ступні нагі, якая стаіць уперадзе, падстаўляючы яе да нагі, якая стаіць ззаду; паварот скрыжаваннем ног; паварот на назе, якая ўперадзе, пераносячы перад ёй нагу, якая стаіць ззаду; паварот на назе, якая ззаду, падстаўляючы да яе нагу, якая ўперадзе(В.І.).

Навуковаму выкладу (як і любому іншаму выкладу) уласціва размежаванне асноўнага і дадатковага, другаснага. Таму вельмі зручным спосабам для выражэння думак з’яўляецца шырокае выкарыстанне складаназалежных сказаў, у якіх у галоўнай частцы змяшчаецца асноўны змест выказвання, а ў залежнай частцы – дадатковы. Аднак у навуковых тэкстах даволі часта выкарыстоўваюцца складаназалежныя сказы, галоўная частка якіх тыпу варта падкрэсліць, што...; будзем лічыць, што...; гэта азначае, што...і інш. амаль пазбаўлена зместу. Асноўная інфармацыя змяшчаецца ў даданай частцы. Напрыклад: Даследаванні паказалі, што спалучэнне работы з пераадольваючым і паддаючымся рэжымамі значна больш эфектыўнае, чым практыкаванні, якія выконваюцца ў адным рэжыме(В.І.).

У складаназалежных сказах паміж двума падпарадкавaльнымі злучнікамі, якія стаяць паміж галоўнай і даданай часткамі, коска ставіцца, калі пропуск даданай часткі не парушае агульны сэнс складаназалежнага сказа. Параўн.: У мінулым стагоддзіадзін філосаф адважыўся сцвярджаць, што магчымасці чалавечага пазнання абмежаваны. Ён гаварыў,штo,хоцьлюдзі івымералі адлегласцьда некаторых свяціл, хімічны састаў зорак яны ніколі не змогуць вызначыць(А.Гусак).

Выклад дакладных навук у навукова-вучэбным падстылі часта будуецца па схеме: аксіёма → доказ→вывады. Для лагічнай сувязі выказвання выкарыстоўваюцца спецыфічныя словы і канструкцыі тыпу дапусцім, што; няцяжка заўважыць, што; пяройдзем да; з раскладу відаць; акрамя гэтага вынікае; атрыманыя вынікі дазваляюць; такім чынамі інш., якія па-за межамі навуковага стылю звычайна не выкарыстоўваюцца.

Аб’ектыўнасць навуковага выкладу, адсутнасць персаніфікацыі (не важна хтогаворыць, важна штосказана) (асабліва пры разнастайных формах-напамінах вядомых фактаў, пры гістарычных экскурсах) абумоўлівае выкарыстанне пасіўных канструкцый тыпу было паказана, было вырашана, за аснову прымаеццаі інш. Напрыклад: Пры тлумачэнні сучаснай фізічнай карціны свету за аснову прымаецца тэорыя адноснасці і квантавая тэорыя, створаныя ў ХХ ст.(М.Шахмаеў);Пад стомленасцю разумеюць часовае зніжэнне працаздольнасці ў выніку парушэння рэгулятарных працэсаў(В.І.).

У тэрміналогіі спорту часта выкарыстоўваюцца няпоўныя сітуацыйныя двухсастаўныя сказы – каманды: Антэна!, Без свістка!, Не ў чаргу!, Ногі!, Падача збылася!, Столь!, Чатыры ўдары!, Бягом марш!, Кругом!, На старт!, Стаць у строй!і інш.

 

 

 




Поиск по сайту:

©2015-2020 studopedya.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.