Працэс сціскання (кампрэсіі) навуковага тэксту да галоўных абагульняльных фармулёвак – гэта працэс складання тэксту рэферата і анатацыі.
Рэферат (ад лац. referre – дакладваць, паведамляць) – кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула, кнігі і пад.; даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг і пад. (ТСБМ).
У навуковай літаратуры існуе падзел рэфератаў па паўнаце выкладу на дзве разнавіднасці: інфарматыўныя (рэфераты-канспекты) і індыкатыўныя (апісальныя, указальныя – рэфераты-рэзюмэ).
Інфарматыўныя рэфераты змяшчаюць у сабе асноўную інфармацыю рэферыруемай працы ў абагульненым выглядзе; у іх таксама ўказваецца мэта і задачы даследавання, звесткі пра методыку даследавання, сферу прымянення, прыводзяцца вынікі працы, якія маюць навуковую і практычную значнасць, і інш.
Індыкатыўныя рэфераты (рэфераты-рэзюмэ) займаюць прамежкавае становішча паміж рэфератам і анатацыяй (іх называюць рэфератыўнай анатацыяй). Яны толькі «падказваюць» чытачу, патрэбна яму звяртацца да першаснага дакумента ці не. У такіх рэфератах называюцца асноўныя палажэнні, звязаныя з тэмай рэферыруемай працы, пералічваюцца назвы раздзелаў, глаў, параграфаў, прыводзяцца ключавыя словы і словазлучэнні (звычайна тэрміны, якія грунтуюцца на асноўных ідэях і паняццях рэферыруемай працы) [54].
Ва ўступе даецца бібліяграфічнае апісанне (яно афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам).
Уласна рэфератыўная частка ўключае ў сябе змест асноўных пытанняў і праблем, закранутых у артыкуле, манаграфіі і інш. (прычым выклад пазіцыі аўтара ідзе аб’ектыўна, без суб’ектыўнай ацэнкі рэферэнтам выкладаемага); пазначаюцца вынікі даследаванняў; таксама ўказваецца колькасць табліц, ілюстрацый і інш. Напрыклад: У дапаможніку разглядаецца; у 1-й тэме аўтар адзначае, што; затым даследуецца; перш за ўсё адзначаецца, што; аўтарам разглядаецца; тэма 2 прысвечана; аўтар вылучае; аўтарам звяртаецца ўвага на тое, што (у прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што); гэтаму прысвечана 3-я тэма дапаможніка; аўтар рэкамендуе; далей аўтар зазначае, што; тэма 4 прысвечана....... і г.д.
У заключнай частцы прыводзяцца вывады аўтара, паказваецца значэнне і своечасовасць артыкула і інш.
Рэферат павінен быць аб’ектыўным, поўным, лагічным, адпавядаць стылістычным нормам.
Класіфікацыя рэфератаў
Класіфікацыя па
Назва
Змест
Паўнаце выкладу зместу
Інфарматыўныя
Перадаюць усе асноўныя палажэнні першакрыніцы
Індыкатыўныя
Указваюць толькі на асноўную тэму першакрыніцы
Колькасці рэфераваных першакрыніц
Манаграфічныя
Пішуцца на аснове адной працы
Аглядныя
Пішуцца на аснове некалькіх прац па адной тэме
Чытацкім прызначэнні
Агульныя
Разлічаны на шырокае кола чытачоў, таму змест перадаецца ў цэлым
Спецыялізаваныя
Пераказ зместу зарыентаваны на спецыялістаў
Складанні
Аўтарамі
Аўтарэферат дысертацыі
Спецыялістамі
Той галіны, да якой адносіцца рэферат
Прафесіяналамі-рэферэнтамі
А таксама перакладчыкамі-рэферэнтамі
Анатацыя (ад лац. annotatіo – заўвага) – гэта кароткая характарыстыка арыгінала, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.
Схема анатацыі:
1) прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара;
2) назва твора;
3) месца выдання, выдавецтва, год;
4) аб’ём (колькасць старонак, малюнкаў, табліц);
5) кароткі змест (пералік асноўных пaлажэнняў тэксту-крыніцы);
6) пытанні, разгледжаныя ў заключэнні і вывадах;
7) выкарыстанне ў тэксце літаратуры;
8) чытацкае назначэнне.
Напрыклад: Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І.Я.Лепешаў, М.А.Якалцэвіч. – Мінск: «Бел. Асац. «Конкурс», 2006. – 544 с.
Упершыню кніга апублікавана ў 1996 г. выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Другое, значна дапоўненае, выданне выйшла ў 2002 г. у выдавецтве «Беларуская навука».
У слоўніку апісваецца больш за 1600 найбольш ужывальных прыказак, тлумачыцца іх сэнс, пры неабходнасці даецца іх сітуацыйная і стылістычная характарыстыка. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюструецца прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых прыказках ёсць даведкі пра іх паходжанне. У слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.
Прызначаецца для шырокага круга чытачоў.
Змест у бібліяграфічнай картцы-анатацыі можа перадавацца адным сказам: У слоўніку даецца апісанне больш за 1600 беларускіх прыказак, адлюстроўваецца варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.
Паміж рэфератам і анатацыяй існуюць пэўныя адрозненні:
1) у рэфераце інфармацыя выкладаецца з пазіцый аўтара арыгінала без ацэнкі рэферэнтам выкладаемага, у анатацыі – фармулёўкамі рэферэнта;
2) рэферат знаёміць чытача з асноўнымі пытаннямі, праблемамі і пад., дае адказ на пытанне, менавіта якая інфармацыя змяшчаецца ў тэксце, анатацыя ж толькі павярхоўна дае ўяўленне, аб чым гаворыцца ў арыгінале, аблягчае пошук неабходнай інфармацыі;
3) рэферат будуецца на аснове ключавых фрагментаў тэксту, анатацыя ж пішацца сваімі словамі.
Студэнты ў ВНУ даволі часта пішуць рэфераты-даклады, якія чытаюцца ў аўдыторыі. Тэмы для рэфератаў-дакладаў падбіраюцца індывідуальна, з улікам выбранай спецыяльнасці і схільнасцей студэнта.
Праца над рэфератам-дакладам пачынаецца з прагляду анатацый літаратуры па выбранай тэме, у якіх змест работы даецца ў асноўным. Беглы прагляд анатацый шматлікай літаратуры дазваляе выбраць неабходныя працы, якія заслугоўваюць больш уважлівага чытання і глыбокага вывучэння.
Адабраную літаратуру неабходна заканспектаваць у асобным сшытку, абавязкова запісаўшы бібліяграфічныя дадзеныя канспектуемых прац. Пасля глыбокага асэнсавання заканспектаванага варта прыступіць да складання плана свайго дакладу. План звычайна складаецца з трох частак: уводзін, асноўнай часткі, заключэння.
Ва ўводзінах студэнт робіць абгрунтаванне актуaльнасці выбранай тэмы, яе тэарэтычнай і практычнай значнасці. Таксама фармулюецца асноўная мэта і задачы рэферата-даклада.
У асноўнай частцы раскрываецца сутнасць асноўных пытанняў плана, сутнасць асноўных сучасных напрамкаў у разглядзе абранай тэмы. Прычым студэнт павінен абавязкова (у адрозненне ад рэферата-канспекта) у сваім дакладзе выказаць свае меркаванні наконт разглядаемых пытанняў
У заключэнні даюцца ў кароткай, яснай форме асноўныя вывады па разглядаемай працы.
У канцы рэферата-даклада прыводзіцца спіс прачытанай або выкарыстанай літаратуры, які афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам.
Памер рэферата-даклада складае 10 – 15 старонак камп’ютарнага набору.