Навуковая і навукова-інфармацыйная літаратура ўмоўна дзеліцца на тры тыпы: 1) навукова-тэхнічная літаратура (артыкулы, манаграфіі, падручнікі, патэнты, тэхнічныя справаздачы і апісанні і пад.); 2) прававая і палітычная літаратура (пастановы, указы, дагаворы і інш.); з) дакументальная літаратура кіраўніцтва (загады, дырэктывы, справавыя паперы і пад.) [7, с. 246].
Даволі часта ў навуковай літаратуры сустракаюцца працы змешанага характару, а таксама працы папулярнага жанру, дзе аўтар выкарыстоўвае нават вобразныя сродкі мастацкай літаратуры.
Аўтару часам прыходзіцца павялічваць часткі тэксту, дзе змяшчаюцца ілюстрацыі, прыводзяцца аргументы і пад., каб пераканаць чытача ў доказнасці свайго выкладу. Як толькі мэта дасягнута – аўтар спыняе разгортванне элементаў тэксту.
Закон эканоміі, які дзейнічае ў незлічонай колькасці інфармацыі, патрабуе ад чытача выпрацоўкі ўмення заўважаць істотнае, галоўнае, асноўнае ў навуковым тэксце і апускаць другаснае, менш важнае. Праца над навуковым тэкстам прымушае таксама заўважыць пазіцыю аўтара, вучонага па пэўных пытаннях, праблемах.
Асноўным працэсам аналітыка-сінтэтычнай перапрацоўкі навуковага матэрыялу з’яўляецца яго кампрэсія (сцісканне). Мовазнаўцы называюць два асноўныя шляхі кампрэсіі навуковага тэксту: 1) змяншэнне інфармацыі, якая заключаецца ў тэксце; 2) захаванне інфармацыі ў адносна поўным аб’ёме [2].
Змяншэнне інфармацыі звычайна адбываецца за кошт пропуску падрабязнасцей і абагульнення тых частак тэксту, якія застаюцца. Шляхам змяншэння інфармацыі часта карыстаюцца пры напісанні рэфератаў, анатацый навуковых прац, а таксама пры падвядзенні вынікаў доследаў, эксперыментаў у параграфах, раздзелах ці заключэннях навуковых прац.
Найбольш тыповымі памылкамі пры змяншэнні інфармацыі лічацца неапраўданыя страты неабходнай інфармацыі, скажэнне сэнсу першакрыніцы, адсутнасць логікі ў падачы інфармацыі.
Выкарыстаем шлях змяншэння інфармацыі пры апрацоўцы наступнага тэксту. Чытаем тэкст рэфератыўным відам чытання. Рэфератыўны від чытання прадугледжвае сэнсавы аналіз выказванняў: падзел на тэму і рэму, а таксама прадугледжвае выдзяленне ключавых фрагментаў (найбольш інфарматыўных элементаў тэксту: асобных слоў, словазлучэнняў або цэлых сказаў).
Дэфекты зроку. Акуляры
Аптычная сістэма нармальнага вока дае відарыс прадмета на сятчатцы, які затым ператвараецца ў зрокавы вобраз.
Але калі адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай ненармальна вялікая, то відарыс аддаленага прадмета ў факальнай плоскасці будзе перад сятчаткай, і вока будзе бачыць аддаленыя прадметы дрэнна, а блізкія прадметы, відарыс якіх знаходзіцца за фокусам, нармальна. А калі адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай нармальная, але сам хрусталік вельмі выпуклы, г.зн. аптычная сістэма вока мае малую фокусную адлегласць? I ў гэтым выпадку відарыс аддаленага прадмета будзе перад сятчаткай, а значыць, дрэнна бачны. Такі дэфект вока называецца блізарукасцю. Блізарукасць бывае прыроджанай і набытай. Прычынай з’яўлення блізарукасці ў дзяцей можа быць празмернае захапленне чытаннем пры блізка размешчанай да вачэй кнізе. Пры напружаным разглядванні блізкіх прадметаў вочны яблык настолькі «прывыкае» падаўжацца, што хрусталік страчвае здольнасць сплюшчвацца пры пераводзе вока на аддалены прадмет.
Як выправіць блізарукасць? 3 гэтай мэтай выкарыстоўваюць акуляры з рассейваючымі лінзамі. Рассейваючая лінза робіць паралельны пучок святла разыходным. Прамяні пасля праламлення ў воку факусіруюцца на сятчатцы.
Калі ж адлегласць паміж хрусталікам і сятчаткай малая або хрусталік ненармальна выцягнуты (сплюшчаны), відарыс блізкага прадмета, які дае аптычная сістэма вока, будзе за сятчаткай. Вока тады дрэнна бачыць блізкія прадметы, хоць далёкія бачыць нармальна. Гэты дэфект вока называецца дальназоркасцю. Выправіць дальназоркасць можна, выкарыстаўшы акуляры са збіраючымі выпуклымі лінзамі. Пасля праламлення ў збіраючай лінзе пучок паралельных прамянёў становіцца сыходным і, прайшоўшы аптычную сістэму вока, факусіруецца на сятчатцы.
Такім чынам, правесці карэкцыю зроку можна пры дапамозе акуляраў. Часам замест акуляраў выкарыстоўваюць кантактавыя лінзы. Гэта пластмасавыя лінзы, якія накладваюцца непасрэдна на вочны яблык. Асноўным недахопам кантактавых лінзаў з’яўляецца раздражненне вачэй пры працяглым іх нашэнні.
Для любой жывой істоты вока з’яўляецца вельмі каштоўным органам. Валодаючы ўласцівасцю захоўваць зрокавы вобраз на працягу 1/16 с, вока дае магчымасць чалавеку адчуваць, як бесперапынны падзеі, дадзеныя на экране, хоць мы добра ведаем, што ў сапраўднасці на экран праецыруюцца 24 нерухомыя малюнкі-кадры ў секунду. Менавіта дзякуючы зроку мы пазнаём навакольны свет.
Для нармальнага зроку мінімальная адлегласць ад вока да прадмета, пры якой вока бачыць дэталі прадмета не напружваючыся, роўная 25 см. Гэта адлегласць найлепшага бачання. Пры меншых адлегласцях да прадмета вока ўжо напружваецца і стамляецца.
Стамляльнасці вока садзейнічае як недастатковае асвятленне прадмета, так і залішняе. Каб вока, як самае адчыненае акно ў свет, праслужыла доўга, неабходна яго берагчы, г.зн. ствараць умовы для яго ненапружанай працы (Л.Ісачанкава).
Ідучы шляхам змяншэння інфармацыі і абагульняючы сказы, якія нясуць асноўную думку, мы атрымліваем наступны тэкст: Блізарукасць – гэта дэфект зроку, пры якім відарыс аддаленых прадметаў знаходзіцца перад сятчаткай вока. Выпраўляецца блізарукасць прымяненнем рассейваючых лінзаў. Дальназоркасць – гэта дэфект зроку, пры якім відарыс блізкіх прадметаў знаходзіцца за сятчаткай вока. Выпраўляецца дальназоркасць выкарыстаннем збіраючых лінзаў. Для нармальнай работы вока неабходна разглядаць прадмет з адлегласці, не меншай за 25 см, і мець нармальнае асвятленне.
Другі шлях кампрэсіі навуковага тэксту – шлях захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – адбываецца пры дапамозе прыёмаў апушчэння, сумяшчэння і замяшчэння.
Прыём апушчэння – гэта пропуск, выключэнне зтэксту элементаў, якія паўтараюцца (напрыклад, выказнікаў у складаных сказах, калі яны ёсць у папярэднім кантэксце; дублетных слоў (змешчаных у дужках); спасылак на мaлюнкі, графікі і інш.). Напрыклад: Імунітэт дыпламатычны прадастаўляецца прадстаўніцтву, прадастаўляецца непасрэдна кіраўніку і прадастаўляецца персаналу прадстаўніцтваў і членам іх сямей (асабістыя імунітэты). – Пасля апушчэння: Імунітэт дыпламатычны прадастаўляецца прадстаўніцтву, непасрэдна кіраўніку, персаналу прадстаўніцтваў і членам іх сямей.
Прыём сумяшчэння заключаецца ў тым, што два або некалькі сказаў падобнай канструкцыі накладваюцца адзін на другі, і ў выніку гэтага накладання ўтвараецца скарочаны сказ заднароднымі членамі, звязанымі злучнікамі. Параўн.: Нагляднае ўяўленне аб прамой, паралельнай плоскасці, даюць нацягнутыя тралейбусныя або трамвайныя правады – яны паралельныя плоскасці зямлі. Другі прыклад дае лінія перасячэння сцяны і столі – гэта лінія паралельная плоскасці падлогі (Л.А.). – Пасля сумяшчэння: Нагляднае ўяўленне аб прамой, паралельнай плоскасці, даюцьнацягнутыя тралейбусныя або трамвайныя правады (адносна плоскасці зямлі), а таксама лінія перасячэння сцяны і столі (адносна плоскасці падлогі).
Прыём замяшчэння – замена доўгіх элементаў тэксту больш кароткімі ззахаваннем сэнсу змененых злементаў. Напрыклад: Поле матэрыяльнае; яно існуе незалежна ад нас, ад нашых ведаў пра яго (ГМ.) – Пасля замены: Поле матэрыяльнае, аб’ектыўнае.
Асноўная памылка шляху захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – гэта залішняя інфармацыя. Варта адзначыць, што, працуючы над навуковым тэкстам, чытачу часта прыходзіцца карыстацца разнастайнымі прыёмамі кампрэсіі тэксту адначасова.