Помощничек
Главная | Обратная связь


Археология
Архитектура
Астрономия
Аудит
Биология
Ботаника
Бухгалтерский учёт
Войное дело
Генетика
География
Геология
Дизайн
Искусство
История
Кино
Кулинария
Культура
Литература
Математика
Медицина
Металлургия
Мифология
Музыка
Психология
Религия
Спорт
Строительство
Техника
Транспорт
Туризм
Усадьба
Физика
Фотография
Химия
Экология
Электричество
Электроника
Энергетика

Афармленне цытат. Даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры



Змест рэферата-даклада звычайна перадаецца сваімі словамі, аднак асноўныя палажэнні тэмы можна падмацоўваць цытатамі.

Цытата (ням. zitat ад лац. cito – выклікаю, прыводжу) – даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці літаральна перададзеныя чые-небудзь словы; выкарыстоўваюцца для пацвярджэння або тлумачэння аўтарскай думкі.

Цытаты часта ўжываюцца ў навуковых працах, лекцыях, дакладах, рэфератах, сачыненнях, у розных творах як эпіграф.

Цытата афармляецца як простая і як ускосная мова. Калі цытата ўключаецца ў тэкст як частка сказа, яна пачынаецца з малой літары і бярэцца ў двукоссе: Якуб Колас справядліва ўказваў, што «роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет»(ЛіМ). Калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова. Адрозненне цытат ад канструкцый з простай мовай заключаецца ў тым, што цытаты бяруцца толькі ў двукоссе і маюць дакладную спасылку на крыніцу цытавання. Спасылкі на цытату афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТу. Напрыклад: «Выхаванне сваім краем, – пісаў Янка Сіпакоў, – выхаванне роднаю зямлёю, выхаванне дарагімі краявідамі, выхаванне традыцыямі і добрымі (працоўнымі і ратнымі) справамі продкаў – ці не гэта з’яўляецца самым важным ва ўсёй сістэме выхавання?» (Мой родны кут: вершы беларускіх паэтаў аб роднай прыродзе / Склад. У.А.Начэўны. – Мінск: Маст. літаратура, 1987. – С. 7.).

Цытаты-эпіграфы звычайна не бяруцца ў двукоссе:

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў...

Якуб Колас

Словы і словазлучэнні, якія ўключаюцца ў аўтарскі тэкст без спецыяльных спасылак, бяруцца ў двукоссе: Вялікае дзіва – Купалава песня! Усю гэтую работу прарабіла яна разам з народам на нашых вачах. І паказала ў новым абліччы чалавека, што горда і горка некалі назваў сябе «пан сахі і касы», а потым непахісна абвясціў адзіна справядлівую дыктатуру, дыктатуру працы(Луж.).

Бібліяграфічны спіс (бібліяграфічныя апісанні выкарыстаных крыніц) звычайна будуецца ў славянскім алфавітным парадку на мове арыгінала (замежныя крыніцы размяшчаюцца адпаведна лацінскаму алфавіту пасля крыніц, размешчаных адпаведна славянскаму алфавіту; пасля замежных крыніц ідуць адрасы сайтаў у лацінскім алфавітным парадку).

 

Схема бібліяграфічнага апісання:

1. 3агаловак (прозвішча, ініцыялы аўтараў; звесткі, якія раскрываюць тэматыку загалоўка, від, жанр, прызначэнне і інш.).

2. Звесткі аб адказнасці (інфармацыя аб складальніках, рэдактарах, перакладчыках і пад.).

3. Звесткі аб выданні (паўторнасць выдання, яго перапрацоўка і г.д.).

4. Месца і час выдання (горад, выдавецтва, год выдання).

5. Аб’ём (колькасць старонак, можна ўказаць колькасць табліц).

Напрыклад: Маршэўская, В.В. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах: вучэб. дапам. / В.В.Маршэўская. – Гродна: ГрДУ, 2002. – 116 с.

 

Такім чынам, напісанне рэфератаў, анатацый і іншых жанраў навуковай літаратуры садзейнічае развіццю навыкаў і ўменняў у галіне пісьмовай літаратурнай мовы і развівае навыкі самастойнага падбору, аналізу, правільнага тлумачэння і абагульнення навуковай інфармацыі.

 

23. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю. Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавароў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы.

Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Літоўскі Статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). Напэўна, усё гэта меў на ўвазе Я.Купала, калі пісаў, што даўней беларуская мова «свае правы чужым дыктавала».

У афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага замацавалася тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченьеі інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунакі інш.

Канец ХVІІ–ХІХ стст. былі неспрыяльныя для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г.»), у якім ужываюцца словы і звароты: арганізацыйная камісія, Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны, грамадзянін, дэлегат, даклад, па дакладзе прыняць рэзалюцыі, пастанавілі стварыць камісію, сакратар, склікаць з’езд і інш.

У 20-ыя гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Тэрміналагічная камісія Інстытута беларускае культуры падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі. Тэрміналогія права падаецца ў Х выпуску, грамадазнаўства – у ХІ. Наколькі грунтоўна рыхтаваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мн., 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча. Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага».

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.

Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй.

Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаваннеі інш.

У 20-ыя гады выйшлі з друку кнігі, спецыяльна прысвечаныя справаводству. «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мн., 1926), складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак».

Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, справавод ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы:уступныя і выходныя паперы, адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе, мы, ніжэйпадпісаныя, давераная асоба, хадайніцтва, выдаткі, абвестка, загаді інш.

Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыяльных папер, слоўнік тэхнічна-кацылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мн., 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнніі інш.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-ыя гады ХХ ст.

Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г.д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю[7]. Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дзелавога дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі – выразіць волю заканадаўца, прадпісаць паводзіны, давесці што-небудзь да ведама каго-небудзь.

У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя. Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Гэта віды дакументацыі, не арыентаваныя на вусную форму выкладу, напрыклад, указ, загад, пастанова, інтрукцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г.д. Для вуснага формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова, прэсканферэнцыя, сход акцыянераў і г.д.). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавую спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г.д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця (У.В.Анічэнка).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі...)і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей:

доказнасцьпраяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

інфармацыйнасцьі ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў;

адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі!Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмоцый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы вымушаны Вам адказаць. – На жаль, мы вымушаны Вам адказаць.

У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка явыкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: Я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў прафесар Іваноў. Прафесар зараз прачытае нам лекцыю....Займеннік вызаўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як Вам ужо вядома, мы вельмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі.

Стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяць на кантроль і г.д. [14].

Такім чынам, захаванне пералічаных якасцей – адзін з важнейшых элементаў правільнага стварэння афіцыйнага дакумента.

 

24. Паняцце дакумента. Групы дакументаў

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца ў розных дакументах. Дакументамі (ад лац. documentum – доказ, сведчанне) называюцца адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы (лісты), якімі афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян. Дакумент складаецца па пэўнай стандартнай форме. Існаванне адпаведных формаў для разнастайных дакументаў – істотны фактар эфектыўнасці справаводства.

Па ступені рэгламентаванасці (падпарадкаванасць дакладна ўстаноўленым правілам, абмежаванням) дакументы падзяляюцца на тры групы:

1.Дакументы, якія павінны дакладна адпавядаць прынятаму стандарту, бо ў іншым выпадку яны на будуць мець юрыдычнай сілы (пашпарт, дыплом, пасведчанне і інш.). Гэтыя дакументы рыхтуюцца друкаваным спосабам, а той, хто піша, павінен толькі ўнесці ў іх патрэбную інфармацыю.

2.Дакументы, якія не маюць такой строгай абавязковасці (даведка, заява, дагавор, даверанасць, квітанцыя і інш.).

3.Дакументы, якія маюць грамадска замацаваны агульны прынцып укладання, а моўныя сродкі і форма выкладу ў пэўнай ступені адвольныя (характарыстыка, рэкамендацыя, справавыя лісты партнёраў у вытворчасці і інш.).

Па сваім прызначэнні ўсе дакументы можна аб’яднаць у наступныя чатыры групы: асабістыя, распарадчыя, адміністрацыйна-арганізацыйныя, інфармацыйна-даведачныя.

Асабістыя дакументы.

Да асабістых дакументаў адносяцца заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска і інш. Дакументы менавіта гэтай групы часцей за ўсё сустракаюцца ў нашым жыцці.

Так, заяву пішуць, калі афіцыйна звяртаюцца да службовай асобы, ва ўстанову, грамадскую арганізацыю і інш. У гэтым дакуменце звычайна просяць прыняць на вучобу, на працу (перавесці, звольніць і пад.), просяць вырашыць якое-небудзь патанне і г. д. Пісаць трэба, як і ва ўсіх паперах, дакладна і проста. Калі да заявы прыкладаюцца дакументы (даведкі, пасведчанні, рэкамендацыі, акты і інш.), іх пералічваюць у канцы асноўнага тэксту. На заяве ўнізе павінны быць дата (злева) і асабісты подпіс (справа).

 

Дэкану факультэта фізічнай культуры

дацэнту Навойчыку А. І.

студэнта І курса, 13 групы

Бандарца Андрэя Аляксандравіча

заява.

Прашу дазволіць датэрмінова здаць летнюю экзаменацыйную сесію

ў сувязі з удзелам у чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай гімнастыцы.

20 мая 2008 г. Подпіс

Апошнім часам слова заява часта пішуць з вялікай літары. У такім выпадку пасля яго не трэба ставіць кропку.

Для тых, хто служыць у арміі, міліцыі (іншых органах унутраных спраў), адной з асноўных асабістых справавых папер з’яўляецца рапарт. Як падаецца ў ТСБМ, рапарт – гэта пісьмовы або вусны даклад, данясенне аб чым-небудзь вышэйшай інстанцыі, начальству.

 

Начальніку агульнавайсковай кафедры

Рапарт

Прашу Вашага хадайніцтва перад вышэйшым камандаваннем аб вызваленні мяне, маёра А. В. Савянкова, ад выканання службовых абавязкаў тэрмінам на трое сутак, з 05. 11. 2007 г. па 07. 11. 2007 г., у сувязі з хваробай.

Да рапарта прыкладаю:

1.1. Медыцынскае накіраванне ад 04. 11. 2007 г.;

1.2. Даведку аб непрацаздольнасці ад 04. 11. 2007 г. № 256.

Выкладчык агульнавайсковай кафедры

маёр_______________А. В. Савянкоў

(подпіс)

04 лістапада 2007 г.

Начальніку ваеннага факультэта

Хадайнічаю па сутнасці рапарта маёра А. В. Савянкова.

Начальнік агульнавайсковай кафедры

падпалкоўнік_____________П. І. Януковіч

(подпіс)

04 лістапада 2007 г.

 

У аўтабіяграфіікоратка расказваюць пра свой жыццёвы шлях, таму гэта папера пішацца ад першай асобы. Тут падаюцца афіцыйныя звесткі: год і месца нараджэння; заняткі бацькоў; гады вучобы (службы ў арміі); асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці; кароткія звесткі пра сваё сямейнае становішча. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

 

Аўтабіяграфія

Я, Булай Таццяна Іванаўна, нарадзілася 2 ліпеня 1970 года ў вёсцы Конна Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Мой бацька, Булай Іван Віктаравіч, працаваў механізатарам, маці, Ганна Уладзіміраўна, – паляводам (зараз бацькі на пенсіі).

У 1977 годзе я пайшла вучыцца ў Конненскую васьмігадовую школу, якую скончыла ў 1985 годзе. З 1985 па 1987 гг. вучылася ў СШ № 2 г. п. Зэльва.

У 1987 годзе паступіла ў педагагічнае вучылішча г. Гродна на аддзяленне дашкольнага выхавання. З 1989 года працую выхавацелем у садку-яслях № 25 г. Гродна.

Замужам, маю дваіх сыноў.

12 красавіка 2008 г. (подпіс) Т. І. Булай

Распіска – дакумент, які сцвярджае, што ва ўстанове або ад прыватнай асобы атрыманы рэчы, дакументы, грошы і інш.

 

Распіска

Я, Малажайка Сяргей Мікалаевіч, 12 лютага 2008 года атрымаў ад Венскага Дзмітрыя Паўлавіча 2 000 000 (два мільёны) беларускіх рублёў. Абяцаю вярнуць пазыку да 12 чэрвеня 2008 года.

12 лютага 2008 г. Подпіс

Распарадчыя дакументы

Да распарадчых адносяцца такія дакументы, як загад, распараджэнне, пастанова, указ, дэкрэт. Усе яны носяць заканадаўчы характар і дзейнічаюць як на мясцовым узроўні (горад, прадпрыемства ці арганізацыя, факультэт і інш.), так і на ўзроўні ўсёй краіны. Дарэчы, у ТСБМ першае значэнне слова «закон» наступнае: абавязковае для ўсіх правіла, устаноўленае вышэйшым органам дзяржаўнай улады, якое мае найвышэйшую сілу.

Прывядзём вытрымкі з некаторых распарадчых дакументаў.

І. Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь

«Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2007 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 20 снежня 2007 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2005 года «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 2, 2/1170) наступныя змяненні:

1.1. Пункт 3 артыкула 9 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«3. Расходы на аплату за карыстанне жылымі памяшканнямі, тэхнічнае абслугоўванне, аплату камунальных паслуг (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў), аплату паліва (тым, хто пражывае ў дамах без цэнтральнага ацяплення), звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем’ях і прыёмных сем’ях, падлягаюць кампенсаванню грамадзянам, на выхаванні якіх яны знаходзяцца, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў».

Артыкул 12 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 12. Гарантыі права на жыллё

1.1. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, ільготных крэдытаў, аднаразовых бязвыплатных субсідый і іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання ў адпаведнасці з заканадаўствам.

1.2. Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца захаванне права ўласнасці на жылое памяшканне або права карыстання жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якога яны выбылі».

Артыкул 2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія падпарадкаваны Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Закона.

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 года, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 2, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

27 снежня 2007 года, г. Мінск

№ 305 – 3

ІІ.

Міністэрства культуры

Рэспублікі Беларусь

Аддзел культуры

Гродзенскага гарвыканкама

Дзіцячая музычная

школа № 1

імя Юрыя Уладзіміравіча Семянякі

ЗАГАД

03. 03. 2008 г. № 6

г. Гродна

Аб стварэнні камісіі

па агульным тэхнічным аглядзе будынка

На падставе п. 55 Правілаў (3) па ахове працы

ЗАГАДВАЮ:

Стварыць камісію па агульным тэхнічным аглядзе будынка ў колькасці 5 чалавек:

1. Мацейка Люцына Вацлаваўна – нам. дырэктара па АХР;

2. Лашчук Сяргей Іванавіч – дырэктар школы;

3. Календа Вацлаў Міхайлавіч – электрык школы;

4. Бяляўскі Аляксандр Аляксандравіч – рабочы па абслугоўванні будынка;

5. Дылеўскі Аляксандр Анатольевіч – член прафкама.

Дырэктар ДМШ

імя Юрыя Уладзіміравіча Семянякі ___________ С. І. Лашчук

(подпіс)

З загадам азнаёмлены ___________ Л. В. Мацейка

(подпіс)

___________ В. М. Календа

(подпіс)

___________ А. А. Бяляўскі

(подпіс)

___________ А. А. Дылеўскі

(подпіс)

3. Адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы

У дадзеную групу дакументаў уваходзяць план, кантракт, дагавор, справаздача і некаторыя іншыя. Так, у справаздачы расказваюць, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент не мае строгай формы. Кожны, хто піша справаздачу, павінен паказаць, як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы пажадана зрабіць выснову і даць свае прапановы. Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату.

Прыкладны тэкст:

 

Спаваздача аб педагагічнай практыцы па беларускай мове і літаратуры студэнткі 5 курса беларускага аддзялення факультэта філалогіі Смолік Надзеі Фёдараўны

Я. Смолік Надзея Фёдараўна, праходзіла педагагічную практыку па беларускай мове і літаратуры ў 9 «Б» класе школы-ліцэя № 1 г. Гродна з 30 студзеня па 25 сакавіка 2006 г.

Падчас практыкі мною была выканана наступная праца:

- І тыдзень (30. 01. – 04. 02.): наведванне ўрокаў у 9 «Б» класе, знаёмства з вучнямі; азнаямленне з задачамі вучэбнай і выхаваўчай працы;

- ІІ-УІІІ тыдзень (06. 02. – 25. 03.):

а) вучэбная праца: правядзенне ўрокаў па беларускай мове і літаратуры; правядзенне мерапрыемства па прадмеце «Беларуская мова»;

б) выхаваўчая праца: індывідуальная праца з навучэнцамі (анкетаванне, вывучэнне асобы вучня і ўсяго класа з мэтай псіхолага-педагагічнай характарыстыкі, правядзенне ўнутрыкласнага педагагічнага мерапрыемства);

в) праца ў дапамогу класнаму кіраўніку: праверка дзённікаў.

Урокі па беларускай мове і літаратуры былі праведзены па тэмах, прадугледжаных вучэбнай праграмай (па беларускай мове – праца над знакамі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах і ў сказах з рознымі відамі сувязі, па беларускай літаратуры – вывучэнне беларускй літаратуры 50 – 80-х гг. ХХ ст.).

Усяго мною праведзена 27 урокаў (14 па мове, 13 па літаратуры), сярод іх:

- 4 заліковыя ўрокі па мове і 4 заліковыя ўрокі па літаратуры;

- 1 адкрыты ўрок па мове «Працяжнік у бяззлучнікавым складаным сказе» і 1 адкрыты ўрок па літаратуры «Жыццё і творчасць А. Макаёнка».

На маю думку, самымі ўдалымі па мове былі ўрокі па тэмах «Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе». Цяжкасці адчуваліся на ўроках, прысвечаных развіццю маўлення (у прыватнасці, пры разглядзе тэмы «Пісьмовы падрабязны пераказ мовазнаўчага артыкула»).

Па літаратуры, напэўна, найбольш паспяховымі былі ўрокі па вывучэнні твора А. Макаёнка «Зацюканы апостал», што абумоўлена актуальнасцю праблем, узнятых у п’есе. Складаным жа для вучняў пры разглядзе паэзіі 50-80 гг. ХХ ст. з’яўляецца аналіз лірычных твораў.

Трэба адзначыць, што дзеці на ўроках працавалі актыўна, імкнуліся выказваць свае думкі на тыя ці іншыя праблемы. Пры правядзенні мерапрыемстваў вучні з задавальненнем выконвалі розныя даручэнні, праяўлялі творчую ініцыятыву.

Добразычлівыя адносіны склаліся ў мяне як з класным калектывам, так і з настаўнікам па беларускай мове і літаратуры, а таксама з класным кіраўніком. Менавіта педагогі дзяліліся сваім вопытам, давалі парады і кансультацыі, аказвалі псіхалагічную дапамогу.

У заключэнні хацелася б дадаць, што практыка з’яўляецца добрым пачаткам педагагічнага вопыту, карыснага для будучай працы настаўніка.

30 сакавіка 2006 г. Н. Ф. Смолік

4. Інфармацыйна-даведачныя дакументы

Аб’ява, даведка, тлумачальная і службовая запіскі, дакладная і пад. афіцыйныя паперыз’яўляюцца прыкладамі тых дакументаў, якія служаць для перадачы інфармацыі пэўнага зместу.

Так, амаль штодзённа нам сустракаюцца аб’явы (як афіцыйнага, так і прыватнага характару). Аб’ява – паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама (ТСБМ).Калі неабходна абвясціць, што адбудзецца нейкае мерапрыемства (сход, канферэнцыя, спаборніцтвы і пад.), вывешваюць аб’яву, у якой дакладна называецца дата, час, месца правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Унізе, з правага боку, звычайна ўказваецца, хто робіць аб’яву.

Аб’ява

19 лістапада ў 18.00 у актавай зале адбудзецца сустрэча з маладымі паэтамі Гродзеншчыны. Уваход свабодны.

Кафедра беларускай літаратуры

Даведка –дакумент, якізмяшчае апісанне і пацвярджэнне тых ці іншых фактаў. Узор напісання:

 

Даведка

Апейка Віталь Сяргеевіч з’яўляецца студэнтам першага курса дзённага аддзялення інжынерна-фізічнага факультэта УА «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы».

Даведка выдадзена для падачы ва Упраўленне ўнутраных спраў Ленінскага раёна г. Гродна.

Дэкан факультэта подпіс

(пячатка)

 

Утлумачальнай запісцымы раскрываем, тлумачым прычыну нейкіх сваіх дзеянняў, учынкаў і г. д.

 

Тлумачальная запіска

Я, Леўчанка Вадзім Раманавіч, студэнт 3 курса, 4 групы, не з’явіўся на суботнік, таму што быў хворы.

Медыцынская даведка прыкладаецца.

22 красавіка 2005 г. _______________ В. Р. Леўчанка

(подпіс)

Акрамя вышэйназваных груп афіцыйна-справавых папер, вылучаюцца розныя віды юрыдычных дакументаў. Усе яны маюць свой адметны набор рэквізітаў, які абумоўлены іх прызначэннем. Існуе вялікая колькасць дакументаў, звязаных з грамадзянскімі і крымінальнымі судовымі справамі. Да працэсуальных дакументаў адносяцца рознага кшталту заявы, скаргі, хадайніцтвы, вызначэнні, пратаколы, пярэчанні супраць іску і інш.

У Кастрычніцкі раённы суд г. Гродна

Крывіцкага Андрэя Сямёнавіча,

які пражывае па адрасе: г. Гродна,

вул. Кляцкова, д. 23, кв.67.

З А Я В А

аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з адмовай ад іску

Прашу вытворчасць па маім іску да Шытава Мікіты Лявонавіча аб спагнанні запазычанасці ў памеры 600 000 беларускіх рублёў спыніць, паколькі адказчык вярнуў названую суму.

Аб наступствах адмовы ад іску, прадугледжаных артыкуламі 245 і 247 ГПК Рэспублікі Беларусь, мне вядома.

Дата Подпіс

Адным з самых пашыраных працэсуальных дакументаў з’яўляецца іскавая заява аб узбуджэнні справы. Яе змест павінен адпавядаць агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да працэсуальных дакументаў. Акрамя гэтага, у ёй павінны быць указаны дакладнае абазначэнне патрабаванняў істца, факты, якімі ісцец абгрунтоўвае сваё патрабаванне, доказы, якія пацвярджаюць кожны з названых фактаў і г. д. Да іскавых належаць заявы аб прызнанні грамадзяніна прапалым без вестак, аб прымусовым лячэнні, аб аднаўленні правоў па дакументах на прад’яўніка, аб прызнанні рухомай рэчы безгаспадарнай, аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным, аб ліквідацыі перашкод у ажыццяўленні права ўласнасці і інш.

 

У Ленінскі раённы суд г. Гродна

Ісцец: Маракоў Сяргей Аляксандравіч,

1935 г. н., які пражывае па адрасе:

г. Гродна, вул. Горкага, д. 83, кв. 99.

Адказчык: Маракоў Яўген Сяргеевіч,

1962 г. н., які пражывае па адрасе:

г. Гродна, вул. Таўлая, д. 58/1, кв. 39.

ІСКАВАЯ ЗАЯВА

аб спагнанні сродкаў на ўтрыманне бацькі

Мне 73 гады, я не працую, пенсію па старасці атрымліваю ў памеры 240 рублёў, маю матэрыяльную патрэбу, таму што іншых крыніц даходаў не маю.

Мой сын, Маракоў Яўген Сяргеевіч, 1962 г. н., матэрыяльную дапамогу мне добраахвотна не аказвае.

Адказчык працуе ў РБУ № 13 г. Гродна галоўным інжынерам, яго заработак складае 1 200 000 рублёў. Сын пражывае адзін і мае магчымасць аказваць мне матэрыяльную дапамогу.

У адпаведнасці з артыкуламі 100, 102 КабШС Рэспублікі Беларусь і артыкулам 6 ГПК Рэспублікі Беларусь

П Р А Ш У:

1. Штомесячна ўтрымліваць з адказчыка, Маракова Яўгена Сяргеевіча, сродкі на маё ўтрыманне па 300 000 рублёў штомесячна, пачынаючы з 20 лютага 2008 г. да змянення матэрыяльнага і сямейнага становішча бакоў.

Дадатак:

1. Даведка аб заработнай плаце адказчыка.

2. Даведка аб складзе сям’і адказчыка.

3. Даведка аб пенсіі істца.

4. Копія іскавай заявы.

Дата Подпіс

25. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

Для напісання дакументаў, заканадаўчых актаў выкарыстоўваецца адна з разнавіднасцей літаратурнай мовы – афіцыйна-справавы стыль. Выдзяляюцца два тыпы нормаў, якія дзейнічаюць у сферы пісьмовай дзелавой мовы: 1) тэкставыя нормы, якія рэгламентуюць пабудову тэксту дакумента, г.зн. семантычную і фармальную арганізацыю ўсяго тэксту і яго частак; 2) моўныя нормы, якія рэгламентуюць магчымасць ужывання моўных адзінак. Тэкставыя і моўныя нормы замацаваны ў ДАСТах, што забяспечвае уніфікацыю і стандартызацыю службовых дакументаў. Адзначым некаторыя з іх.

Лексічны ўзровень:

1) Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні.

2) Шырока выкарыстоўваюцца тэматычна абумоўленыя спецыяльныя словы і тэрміны (юрыдычныя, дыпламатычныя, ваенныя, бухгалтарскія, спартыўныя і г.д.). У прыватнасці, юрыдычная тэрміналогія служыць для перадачы прававых катэгорый і паняццяў (права, дыскрэдытацыя, апеляцыя, юрысдыкцыя, правапарушэнне, затрыманне, цялесныя пашкоджанні). У грамадска-палітычную і іншыя навуковыя тэрміналогіі ўваходзіць лексіка, звязаная з вытворчай дзейнасцю прадпрыемстваў, арганізацый, асобных работнікаў (прадукцыйнасць, нарматыў, тарыф, сабекошт, прыбытак, дакументацыя, штаты). Асобна можна вылучыць назвы працэсаў, якія патрабуюць дакументальнага афармлення (выкананне, кіраванне, браніраванне, звальненне, фінансаванне, падпарадкаванне). Сустракаюцца спецыфічна бухгалтарскія тэрміны: каштарыс, рахунак. Увогуле тэрміналагізаванасць – адна з вызначальных рыс афіцыйна-справавой мовы. Тэрміны, не маючы эмацыянальнасці і вобразнасці, абстрагаваныя ад адзінкавага і выпадковага, тут маюць канструктыўнае значэнне, з’яўляюцца неабходнымі лексічнымі сродкамі.

3) Дапускаецца выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаўных устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: Мінфін, Мінюст, АТН, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства). У пісьмовай форме выкарыстоўваюцца шматлікія графічныя скарачэнні: нам. (намеснік), др. арк. (друкаваны аркуш), ф-ка (фабрыка). Некалькі слоў пра іх. Пранікненне скарачэнняў у дзелавую дакументацыю тлумачыцца трыма прычынамі: імкненнем да эканоміі месца, высокай частотнасцю асобных слоў і словазлучэнняў і жаданнем пазбегнуць паўтарэнняў доўгіх назваў. Апрача таго, неабходна помніць, што дзелавыя пісьмы не павінны быць большымі за дзве-тры старонкі машынапіснага тэксту.

Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя, якія не патрабуюць тлумачэння, і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у слоўніках, і становяцца зразумелымі толькі пры наяўнасці спіса скарочаных напісанняў. Да агульнапрынятых адносяцца скарачэнні, якія ўжываюцца на пісьме: а) пры абазначэнні лічбамі гадоў і стагоддзяў: г., гг., ст.; б) пасля пералічэння: і г.д., і інш., і пад., г.зн.; в) пры спасылках: гл., напр.; г) іншыя скарачэнні: акад., б. – былы, зб. – зборнік, р-н, вобл.

Ёсць пэўныя патрабаванні пры графічным скарачэнні: 1) Пры скарочаным напісанні ставіцца кропка і захоўваюцца знакі і пачатковыя літары, уласцівыя поўнаму напісанню: В. – Д.к. – Волга-Данскі канал; 2)Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га – гектар, см – сантыметр, кг – кілаграм; 3) Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай. А пры збегу дзвюх або некалькіх зычных – пасля апошняй зычнай: камен. вугаль – каменны вугаль, бухг. – бухгалтэрыя; 4) Нельга скарачаць на галосную літару і на й, ў, ь; 5) Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных прыметнікаў пішуцца праз злучок: с. – г. – сельскагаспадарчы. Праз злучок пішуцца і графічныя скарачэнні назоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя ці дзве апошнія літары: з-д – завод, в-аў – востраў.

4) Адсутнічаюць экспрэсіўныя моўныя сродкі (назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі – крынічанька, мовачка і інш.), жаргонныя і дыялектныя словы.

5) Прысутнічаюць функцыянальна абумоўленыя лексічныя паўторы, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў (Устанаўленне, замена і перагляд нормаў працы ажыццяўляецца наймальнікам з удзелам прафсаюзаў. Аб устанаўленні, замене і пераглядзе нормаў працы работнікі павінны быць азнаёмлены не пазней за адзін месяц).

6) Ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйпамянёны, вышэйадзначаны, паскаральнасць, неліквіднасць і г.д. Да іх належаць таксама ўстойлівыя словазлучэнні: касацыйная скарга, акт непадпарадкавання, падпіска аб нявыездзе, мець значэнне, займаць пасаду і інш.

7) Выкарыстоўваюцца назвы асоб па іх функцыі ў афіцыйна-справавых адносінах: арандатар, кватэранаймальнік, ісцец, сведка, падрадчык, усынавіцель, спажывец і інш.

8) Назвы дакументаў: загад, паведамленне, пратакол, інструкцыя, службовае пісьмо, даведка.

9) Абазначэнні частак дакумента (парадак дня, дадатак), разнастайных дзеянняў асоб (прысутнічалі, слухалі), службовых працэдур па ўзгадненні і зацвярджэнні: (загадваю, не пярэчу).

10) Актыўна выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, якія надаюць выказванню стрымана-строгую, «халодную» танальнасць: уніфікацыя, утрыманне, узгадненне, захоўванне, устанаўленне, зацвярджэнне, размеркаванне.

11) Устойлівыя словазлучэнні ў афіцыйным стылі пазбаўлены вобразнасці, эмацыянальнасці; тут адлюстроўваецца імкненне да стандартызацыі маўлення. Словазлучэнні часта выкарыстоўваюцца ў назвах дакументаў (пасведчанне аб нараджэнні, атэстат аб сярэдняй адукацыі, пасведчанне аб заключэнні шлюбу), у якасці стандартных канструкцый (у мэтах забеспячэння, на аснове вышэйпададзенага, адзначаны наступныя недахопы, заслухаўшы і абмеркаваўшы).

12) Лексічную аснову афіцыйна-справавой мовы, як і іншых стыляў, складаюць нейтральныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі.

Марфалагічны ўзровень:

1) Шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць, забяспечыць, зацвердзіць, прыняць). Даволі часта пры інфінітывах ужываюцца словы неабходна, абавязаны, мае права і пад. Фінансаванне названага мерапрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў...

2) Насычанасць сказаў аддзеяслоўнымі назоўнікамі на –нне-, –ццё, з прэфіксам –не-, –ня-: выкананне, павелічэнне, развіццё, недагляд, нявыплата, недапрацоўка і інш.

3) Частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні сталага дзеяння, якое неабходна выконваць (Суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (=павінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства).

4) Шырокае ўжыванне назоўнікаў са зборным значэннем: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і пад.

5) Пашыранае функцыянаванне колькасна-іменных спалучэнняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў.

6) Замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт.

7) Напісанне колькасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забракавана 25 машын; парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: выраб 3-га гатунку.

8) Рэдка ў афіцыйным стылі ўжываюцца выклічнікі, а таксама займеннікі 1-й і 2-й асобы і адпаведныя асабовыя формы дзеяслова.

Сінтаксічны ўзровень:

1) Галоўным прынцыпам канструявання сказаў з’яўляецца прамы парадак слоў, г.зн. дзейнік знаходзіцца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне – перад азначаемым словам, акалічнасць спосабу дзеяння – перад дзеясловам-выказнікам, прамое дапаўненне – пасля слова, да якога яно адносіцца.

2) Сінтаксіс характарызуецца падкрэсленай кніжнасцю, «халоднасцю». Сказы поўныя, апавядальныя, як правіла, двухсастаўныя.

3) Ужыванне пасіўных канструкцый: аплата працы ажыццяўляецца на аснове пагадзінных або месячных тарыфных ставак.

4) Наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, разам з тым, з мэтай, пры дапамозе, згодна з, у святле і інш.

5) Характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных канструкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках.

6) Звычайна ў дакументах выкарыстоўваюцца безасабовыя і інфінітыўныя канструкцыі са значэннем імператыўнасці, неабходнасці (даручыць старасце групы, неабходна павысіць, дазволіць студэнтам), а таксама залежныя звароты тыпу: кандыдатам у дэпутаты вылучаны; даклад быў выслуханы.

7) Асабовыя канструкцыі ўжываюцца толькі ў пэўных сітуацыях. Напрыклад, у даручэнні, распісцы пасля займенніка «я» неабходна назваць прозвішча, імя і імя па бацьку, месца пражывання. Пасля замены ў дзелавых тэкстах аднаго наймення прадмета або асобы другім на гэта спецыяльна ўказваецца: Кавалёў Мікалай Іванавіч, які ў далейшым называецца субпадрадчык...

8) Сказы характарызуюцца наяўнасцю аднародных членаў, адасобленых груп, пабочных і ўстаўных канструкцый: Грамадскія арганізацы, працоўныя калектывы і сходы ваеннаслужачых па воінскіх часцях могуць выступаць у падтрымку кандыдатур, вылучаных іншымі грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі або сходамі ваеннаслужачых па воінскіх часцях, а тасама выбіраць давераных асоб кандыдатаў у народныя суддзі.

Веданне адзначаных моўных асаблівасцей афіцыйна-справавога стылю, безумоўна, будзе садзейнічаць правільнаму афармленню дакументаў рознага тыпу.

 

26. Паняцце «культура маўлення». Правільнасць маўлення і нормы

Мова – гэта адбітак жыцця чалавека, асобнага народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. З дапамогай мовы чалавецтва пазнае акаляючы свет, захоўвае свае традыцыі, перадае нашчадкам уменні і вопыт. І менавіта па тым, як людзі валодаюць мовай, як адносяцца да яе, можна меркаваць аб іх культурным узроўні, інтэлекце, унутраным свеце. Саламон Рысінскі адзначаў: «На мой погляд, ніякая рыса так не выдзяляе чалавека, як вялікае і цудоўнае ўменне перадаваць звязным маўленнем успрыняцце розумам і рабіць набыткам слухачоў думкі, выражаныя ўзвышанымі словамі, злучанымі заканамерна, гарманічна ўключанымі ў правілы размера. Такі прыём адлюстроўвае прыроджаную ўласцівасць навакольнага свету. Наколькі, такім чынам, горача люблю тых, хто шануе і паважае годнасць гэтага даравання, настолькі, наадварот, тых, хто альбо не разумее, альбо пагарджае такім цудоўным праяўленнем мастацтва, я адхіляю і ўпэўнены, што яны наўрад ці варты называцца людзьмі» [1].

Культура маўлення прадугледжвае ўсебаковае, поўнае веданне рэальнай сістэмы мовы ў яе гістарычным развіцці, валоданне формамі і стылямі сучаснай літаратурнай мовы ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі зносін. Сучасны падыход да праблем маўленчай культуры ўлічвае шырокі спектр пытанняў, звязаных з функцыянаваннем і эвалюцыяй беларускай мовы і яе норм у структуры мовы нацыі, узрастаннем сацыяльнай і літаратурна-эстэтычнай ролі мовы ў сённяшнім жыцці народа. Практычныя і тэарэтычныя задачы маўленчай культуры носьбітаў беларускай мовы сталі зараз актуальнымі задачамі развіцця лінгвістычнай навукі.

Тэрмін «культура маўлення» мае два значэнні: 1) сістэма камунікатыўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць, багацце і разнастайнасць, дарэчнасць, чыстата і лаканічнасць); 2) вучэнне пра сістэму камунікатыўных якасцей маўлення [3].

Працэсы перадачы інфармацыі сродкамі мовы носяць назву «камунікацыі». Задача камунікацыі заключаецца ў тым, каб у свядомасці слухача (чытача) узнікла такая ж інфармацыя, якую перадае той, хто гаворыць (піша). Практычна выходзіць так, што паміж інфармацыяй перададзенай (выражанай) і інфармацыяй, якая ўзнікла ў свядомасці слухача ці чытача, усталёўваецца большае ці меншае падабенства. І чым яно большае, тым лепш ажыццяўляюцца камунікатыўныя задачы, тым большыя дасягненні нават пры элементарным камунікатыўным акце: аўтар (адрасант) – тэкст – адрасат. Пры адсутнасці любога з названых кампанентаў элементарнага акта камунікацыі не адбудзецца. У паляпшэнні камунікатыўнай якасці маўлення актыўную ролю выконваюць камунікатыўныя якасці маўлення – правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, багацце, выразнасць [1].

Правільнасць маўлення прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурнай нормы, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж тымі, хто вядзе гаворку. Вось чаму адна з асноўных задач навучання ў школе заключаецца ў тым, каб кожны авалодаў літаратурнымі нормамі беларускай мовы, а ў ВНУ ўдасканальваў бы іх. Гэта прадвызначыла правільную яе галоўную камунікатыўную якасць, пры адсутнасці якой, на думку Б.М.Галавіна, «не могуць «спрацаваць» іншыя камунікатыўныя якасці: дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць і г.д.».

Менавіта правільнасць маўлення забяспечвае яго адзінства, «ахоўвае» адназначнасць, агульназразумеласць інфармацыі, якая перадаецца і ўспрымаецца. Вядома, нормы мовы і маўлення мяняюцца ў адпаведнасці з агульнай дынамікай лексіка-фразеалагічнага і сінтаксічнага ўзроўняў мовы, яе граматычнага ладу. Усебаковае сінхронна-нарматыўнае, дынамічнае апісанне мовы само па сабе дае магчымасць убачыць яе блізкае мінулае і магчымае будучае. Правільнасць маўлення, такім чынам, заключаецца ў адпаведнасці яго матэрыяльнай структуры тым законам і правілам, якія дзейнічаюць у мове [6].

Іншымі словамі кажучы, правільнае маўленне – гэта маўленне з захаваннем норм літаратурнай мовы. Моўныя нормы – гэта замацаваныя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, пабудовы сказаў і тэкстаў. Яны адлюстроўваюць грамадска-эстэтычныя погляды на слова і ўнутраныя заканамернасці моўнай сістэмы ў яе развіцці.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуюць арфаэпічныя, акцэнталагічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, лексічныя, фразеалагічныя, сінтаксічныя і стылістычныя нормы. Правільнасць пісьмовага маўлення рэгулююць таксама арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы [3].

Арфаэпічныя нормы патрабуюць ад усіх носьбітаў мовы адзінага вымаўлення гукаў, гуказлучэнняў у словах і спалучэннях слоў. Правільнае літаратурнае вымаўленне – істотная адзнака культуры маўлення і культуры чалавека ўвогуле. Парушэнне арфаэпічных нормаў тлумачыцца ўплывам дыялектных рысаў роднай гаворкі, зблытаннем асаблівасцей беларускага і рускага літаратурнага маўлення і ўплывам арфаграфіі. Арфаэпічныя нормы прадугледжваюць: правільнае вымаўленне галосных, напрыклад: злучнік і часціца [і] пасля слова на галосны вымаўляюцца як [й]; галосны [у] не пад націскам вымаўляецца выразна; галосныя [о], [э], [а] не пад націскам вымаўляюцца як гук [а] і г.д.; правільнае вымаўленне зычных, напрыклад: [р] у беларускай мове толькі цвёрды; гук [дж] – цвёрдая афрыката, адзін непадзельны гук; гук [дз’] мяккая афрыката, адзін непадзельны гук і г.д.; правільнае вымаўленне спалучэнняў зычных, напрыклад: спалучэнні [дч], [тч] вымаўляюцца як падоўжаны гук [чч] і інш.; правільнае вымаўленне асобных граматычных формаў, напрыклад: літаратурнае вымаўленне канчаткаў –ага, –ога, –яга ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, дзеепрыметнікаў адпавядае напісанню; канчаткі –ы, –і ў назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў і дзеепрыметнікаў вымаўляюцца выразна пад націскам і не пад націскам.

Акцэнталагічныя нормы рэгулююць месца размяшчэння націску ў словах (напрыклад, трэба кварт'ал, нельга кв'артал). Цяжкасці ў засваенні акцэнталагічных нормаў звязаны з тым, што ў беларускай мове націск свабодны, ці разнамесны (св'етлы – святл'ейшы). Побач з літаратурнай нормай сустракаюцца акцэнтныя варыянты, якія існуюць паралельна з нарматыўнымі (над'алей – надал'ей), і тыя, якія выходзяць за рамкі нормы (ж'ыхар – жых'ар), што звязаны з пранікненнем у літаратурную мову дыялектных слоў. Націск маюць толькі паўназначныя словы, непаўназначныя ж у якасці націскнога склада прымыкаюць да папярэдняга слова (энклітыкі) або да наступнага (праклітыкі).

Словаўтваральныя нормы ахоўваюць найбольш трывалыя, традыцыйныя ў беларускай літаратурнай мове словаўтваральныя тыпы – схемы пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, якія супадаюць у словаўтваральных адносінах. Напрыклад, пры ўтварэнні аддзеяслоўных назоўнікаў, што абазначаюць асоб па дзеянні, названым утваральным словам з’ўляецца суфікс –льнік (збіраць, збіральнік), таму намінацыі тыпу збірацель, стварацель – адхіленне ад нормы. Словаўтваральныя нормы рэгулююць выбар марфем, іх размяшчэнне і спалучэнне ў складзе новага слова.

Марфалагічныя нормы замацоўваюць правільнае выкарыстанне моўных сродкаў паводле іх прыналежнасці да пэўных зменных часцін мовы. Цяжкасці ў засваенні марфалагічных нормаў звязаны з наяўнасцю ў мове варыянтных формаў, многія з якіх набылі функцыянальную нагрузку, сталі важным стылістычным рэсурсам мовы. Няўстойлівасць марфалагічных нормаў тлумачыцца ўздзеяннем дыялектаў (напрыклад, выкарыстанне парнага ліку: дзве баразне), асаблівасцю мовы-крыніцы, з якой запазычваюцца словы, сітуацыяй двухмоўя. Адхіленні ад нормы назіраюцца практычна сярод усіх зменных часцін мовы. Сярод назоўнікаў – ва ўжыванні слоў з неўласцівымі формамі роду (няправільна: залатая медаль, свойскі гусь), ліку (праменні, карэнні) і інш.; сярод прыметнікаў – ва ўтварэнні ступеняў параўнання (вышэй мяне, старэй мяне) і інш.; сярод дзеясловаў – ва ўжыванні складанай формы прошлага часу (яна была пайшла).

Сінтаксічныя нормы рэгулююць граматычную сувязь слоў у разнастайных прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцыях, забяспечваюць правільнасць формы кіравання і дапасавання. У сінтаксісе, як і ў марфалогіі, даволі пашырана варыянтнасць спосабаў выражэння (дапускаецца: водзыў на аўтарэферат і водзыў аб аўтарэфераце). Пры выбары формы кіравання трэба звяртаць увагу не толькі на канкрэтны і граматычны змест канструкцыі, але і на семантыку слоў і іх сінтаксічныя патэнцыі. У многіх выпадках форма кіравання залежыць ад індывідуальных асаблівасцей як граматычна галоўнага слова, так і кіруемага кампанента. Напрыклад, існуе выразная розніца паміж формамі звяртаць (накіроўваць) увагу на каго, на што і засяроджваць увагу на кім, на чым. Норма кіравання тут мяняецца ў залежнасці ад лексічнага значэння дзеяслова. Вельмі часта парушаецца кіравальная сувязь у спалучэннях з дзеясловамі жартаваць, смяяцца, здзекавацца, кпіць, дзівіцца, глуміцца (няправільна смяяцца над чалавекам, жартаваць над хлопчыкам). Гэтыя дзеясловы ў беларускай мове кіруюць родным склонам з прыназоўнікам з. Часта дапускаюцца памылкі і пры выбары граматычнай формы дапасавання (пішуць, гавораць: тры вялікіх дуба, два поўных мяшкі). Паводле нормы пры дзейніку большасць (або меншасць, некалькі і інш.) + назоўнік у родным склоне множнага ліку выказнік выкарыстоўваецца пераважна ў форме адзіночнага ліку, калі: назоўнік абазначае неадушаўлёны прадмет (некалькі станкоў стаяла); пры слове большасць ёсць азначэнне (абсалютная большасць прагаласавала); выказнік выражаны дзеясловам (ці дзеепрыметнікам) залежнага стану (большасць кніг прачытана); выказнік папярэднічае дзейніку (прагаласавала большасць дэлегатаў). У іншых выпадках дапускаецца выкарыстанне выказніка ў множным ліку.

Фразеалагічныя нормы рэгулююць традыцыйнае, замацаванае вуснай і пісьмовай практыкай ужыванне фразеалагізмаў з характэрнымі для іх структурна-граматычнымі, семантычнымі і спалучальнымі асаблівасцямі. Часта сустракаюцца выпадкі нічым не апраўданага парушэння формы або семантыкі фразеалагізма. Параўнаем: Выступаў я з высокіх трыбун. Даказваў, прасіў, пераконваў, дык далі па карку: «На лёгкі хлеб захацеў?»; Мармытаў пад носам дзіцячыя песні. У першым сказе выкарыстаны фразеалагізм біць па карку, аднак яго нарматыўнае значэнне ‘набіць, пакараць; вызваліць ад пасады’з кантэксту не выяўляецца. Выраз ужыты няправільна. У другім сказе фразеалагізм выкарыстаны няправільна і недарэчна. Звычайна выслоўе пад носам ужываецца са значэннем ‘вельмі блізка, побач’; у прыведзеным кантэксце яно выяўляе зусім іншую семантыку – ‘ціха, сам сабе, нягучна’, якая характэрна для падобнага структураю фразеалагізма пад нос.

Лексічныя нормы выводзяць за рамкі ўжывання тыя адзінкі, якіх не прымае літаратурнамоўная практыка. У некаторых публікацыях сцвярджаецца, што лексічныя нормы быццам бы рэгулююць выбар слова, дыктуюць носьбітам мовы «свае ўмовы». Але з гэтым пагадзіцца нельга. Пісьменніцкая праца над словам паказвае, што замена аднаго слова другім, пошукі найбольш дакладнага і дарэчнага слова дыктуюцца не характарам нормы, а прынцыпам мэтазгоднасці. Так, у аповесці Я. Коласа «Адшчапенец» у першым варыянце было: Ён не бачыць плесені заскарузлага ў сваёй архаічнасці вясковага жыцця. Рыхтуючы тэкст да перавыдання, пісьменнік замяніў слова архаічнасць больш натуральным – старадаўнасць: яно ў кантэксце твора найбольш стылістычна апраўданае. Між тым слова архаічнасць не супярэчыла прадпісанням тлумачальнага слоўніка. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што выбар слова рэгулюецца не нормай, а мэтазгоднасцю. Лексічныя нормы ў шырокім плане – гэта правільнасць выбару слова і дарэчнасць прымянення яго ў агульнавядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях.

Стылістычныя нормы рэгулююць стылістычную арганізацыю маўлення ў плане выбару не толькі пэўных слоў і сінтаксічных канструкцый, але і марфалагічных формаў. Як вядома, кожны стыль мае свае нормы, свае, адметныя ад іншых стыляў, моўныя сродкі. Стылістычна абмежаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках спецыяльнымі паметамі. Напрыклад, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» паметай разм. (размоўнае) адзначаны шырокі пласт слоў або іх паасобных значэнняў, ужыванне якіх абмежавана гутарковым маўленнем. Гэта словы гарляк, гарлапан, гарладзёр, гарлапаніць, гарласты, гарлаць і інш. Але пры неабходнасці гэтыя і падобныя словы можна выкарыстоўваць у іншых стылях, калі гэта не будзе пярэчыць дарэчнасці як істотнай камунікатыўнай якасці маўлення.

Развіццё літаратурнай нормы – гэта, па сутнасці, станаўленне, развіццё і ўдасканальванне яе нормаў у адпаведнасці з патрэбамі грамадства і ў сувязі з унутранымі заканамернасцямі моўнага развіцця [6].

Пунктуацыйныя нормы рэгулююць пастаноўку знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце ў адпаведнасці з правіламі пунктуацыі, прызначанымі для абслугоўвання патрэб пісьмовых зносін ў грамадстве. Захаванне пунктуацыйных норм садзейнічае разуменню зместу напісанага, павышае культуру пісьмовага маўлення.

Арфаграфічныя нормы рэгулююць выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання формы слова ці яго часткі, які адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

 

 

 

 




Поиск по сайту:

©2015-2020 studopedya.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.