Помощничек
Главная | Обратная связь


Археология
Архитектура
Астрономия
Аудит
Биология
Ботаника
Бухгалтерский учёт
Войное дело
Генетика
География
Геология
Дизайн
Искусство
История
Кино
Кулинария
Культура
Литература
Математика
Медицина
Металлургия
Мифология
Музыка
Психология
Религия
Спорт
Строительство
Техника
Транспорт
Туризм
Усадьба
Физика
Фотография
Химия
Экология
Электричество
Электроника
Энергетика

Гіпотэзы паходжання мовы



МОВА І СОЦЫУМ

1.Сутнасць і прырода мовы

Уявіць сённяшняе жыццё без мовы немагчыма. Усе тыя сувязі, якія існуюць паміж людзьмі, цалкам грунтуюцца на мове. Дзякуючы мове мы можам карыстацца ўсімі назапашанымі чалавецтвам ведамі, разам з тым яна з’яўляецца галоўным сродкам зносін людзей, моваю ахоплены ўсе сферы духоўнага і матэрыяльнага жыцця грамадства. Як жа вызначаецца навукай сутнасць, існасць мовы?

Адказы на гэтае пытанне існавалі розныя. Адны вучоныя разглядалі мову як з'яву біялагічную, такую, як здольнасць есці, піць, хадзіць. Лічылася, што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну. Другія даследчыкі лічылі мову з'явай псіхічнай, адносілі яе да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці. Падобныя сцвярджэнні маюць аднабаковы характар. На самой справе, мова – з'ява біялагічная і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай, г.зн. ён валодае псіхафізіялагчным механізмам, які забяспечвае магчымасць маўлення. Але рэалізаваць гэтую здольнасць чалавек можа толькі ў стасунках з іншымі людзьмі – носьбітамі пэўнай мовы (вы ведаеце выпадкі, калі маленькія дзеці, пазбаўленыя чалавечых кантактаў, раслі ў іншым асяроддзі і набывалі звычкі гэтага асяроддзя). Мова не перадаецца, як іншыя біялагічныя прыкметы, у спадчыну кожнаму канкрэтнаму чалавеку. Чалавек вучыцца мове ад іншых людзей, сама па сабе яна не сфарміруецца нават у генія. Дзіця, незалежна ад нацыянальнасці і генаў бацькоў, пачне размаўляць на той мове, якую чуе з першых дзён жыцця.

Кожны чалавек валодае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці мовамі), што належыць пэўнаму народу. У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з'ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку. Яна дапамагае кожнаму індывідууму заявіць аб сабе як пра арыгінальную асобу, са сваім духоўным светам, інтэлектуальным патэнцыялам. З другога боку, – з'ява грамадская (ці сацыяльная), бо належыць канкрэтнай грамадскай супольнасці. Сацыяльная прырода мовы заключаецца найперш у тым, што яна аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсальны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва [7].

Такім чынам, мова – з’ява грамадская, якая ўзнікла на пэўным этапе развіцця чалавецтва і з’яўляецца вынікам прынцыпова новага якаснага ўзроўню развіцця чалавека і сацыяльнай арганізацыі грамадства.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і культурнага развіцця любой грамадскай супольнасці на працягу яе гісторыі, з'яўляецца спосабам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры народа.

 

Гіпотэзы паходжання мовы

Дзе і як узнікла мова? Калі гэта адбылося?

На зямным шары налічваецца вялікая колькасць жывых істот, але сярод іх толькі чалавек валодае членападзельнай мовай, якая з’яўляецца яго галоўнай прыкметай і вылучае з астатняга біялагічнага свету. Гэты факт дае падставу меркаваць, што само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове. Паколькі пераважную большасць часу існавання чалавека мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, а пісьменства, якое фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці чалавека, існуе ўсяго каля 5000 гадоў, дакладных і строга аргументаваных звестак пра тое, калі і як узнікла мова, якія этапы развіцця прайшла, у вучоных няма. Таму праблема паходжання мовы з’яўляецца цалкам гіпатэтычнай. Аналізуючы розныя падыходы ў вырашэнні гэтай праблемы, можна выдзеліць два асноўныя накірункі: а) мова створана чалавекам у працэсе яго эвалюцыйнага развіцця; б) мова створана звышнатуральнай сілай. Існуе некалькі гіпотэз паходжання мовы, найбольш пашыраныя з іх наступныя.

Самая старажытная філасофская канцэпцыя мовы – лагасічная (логасная).Яна пабудавана на міфолага-рэлігійных уяўленнях пра мову як дар Бога і існуе ў некалькіх разнавіднасцях: ведычнай, канфуцыянскай, біблейскай.

Паводле міфолага-рэлігійнай тэорыі, у аснове свету ляжыць духоўны пачатак. Дух уздзейнічае на матэрыю, якая знаходзіцца ў хаатычным стане, уладкоўвае яе формы. Вянец тварэння духу – чалавек. Для абазначэння духоўнага пачатку ўжываліся тэрміны «Бог», «Дао», «Логас». Так, згодна з хрысціянскай філасофіяй, «Слова» існавала да з'яўлення чалавека і непасрэдна кіравала інертнай матэрыяй. Яно стварыла свет з першаснага хаосу. Вось як гаворыць пра гэта ў Бібліі евангеліст Іаан: «У пачатку было слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць».

Падобныя тлумачэнні, толькі ў іншых тэрмінах, ляжаць у аснове індуізму і канфуцыянства. Побач з Божым паходжаннем мовы хрысціянская філасофія тлумачыць слова і як чалавечую з'яву. Бог стварае чалавека і адкрывае яму дар слова, г.зн. Божае слова, якое стварыла чалавека, становіцца потым здабыткам чалавека.

Пытанне пра паходжанне мовы разглядалася і ў антычнай філасофіі. Яшчэ ў VII–VI ст. да н.э. старажытнагрэчаскія вучоныя імкнуліся знайсці сувязь паміж словамі, «імёнамі» і высветліць, які характар паходжання мовы – прыродны ці ўмоўны. Пазней гэтыя праблемы асэнсоўваліся ў філасофіі эпохі сярэдніх вякоў і Адраджэння.

З XVI ст. у Еўропе пашыраецца тэорыя паходжання мовы, у аснове якой ляжыць рацыянальная філасофская канцэпцыя «грамадскай дамоўленасці». Паводле яе, грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статка, дзе пануюць варожасць і барацьба кожнага. Прычыны пераходу да супрацоўніцтва тлумачыліся па-рознаму: ідэалістычна – божым паходжаннем чалавека і яго маралі; матэрыялістычна – агульнасцю інтарэсаў людзей. Паводле гэтай філасофіі, не Божае «Слова-Логас», а сам чалавек-мысляр, яго розум з'яўляюцца крыніцай навуковых адкрыццяў, працы. Аднак гэта тэорыя не тлумачыла, адкуль узялася мова, як чалавек авалодаў ёю.

Пазней на аснове філасофіі грамадскай дамоўленасці былі распрацаваны т.зв. этымалагічныя,ці натуралістычныя, гіпотэзы паходжання мовы: гукапераймальная, выклічнікавая і інш. Так, паводле гукапераймальнай гіпотэзы, мова ўзнікла са здольнасці чалавека пераймаць гукі навакольнага свету (птушак, звяроў). Згодна з выклічнікавай тэорыяй, штуршком для ўзнікнення мовы былі натуральныя інстынктыўныя гукавыя комплексы накшталт ой-ой, ха-хаяк рэакцыя на пэўныя вонкавыя раздражняльнікі.

Відавочна, гэтыя гіпотэзы не даюць адказу на пытанне, як узнікла мова.

Вялікая ўвага праблеме паходжання і развіцця мовы надавалася ў працах французскіх і нямецкіх філосафаў (Ж.Русо, І.Гердэра і інш.). Але найбольш разгорнутае асвятленне атрымала гэтая праблема на пачатку XIX ст. у даследаваннях нямецкага філосафа і лінгвіста Вільгельма фон Гумбальта. На яго думку, «узнікненне мовы абумоўлена ўнутранай праблемай чалавецтва». Мова, па Гумбальту, – гэта жывая дзейнасць чалавечага духу, адзіная энергія народа, якая ідзе з глыбінь чалавечай існасці і напаўняе ўсё яго жыццё. Мова не проста сродак зносін людзей, яна тая сіла, якая робіць чалавека чалавекам. Канцэпцыя Гумбальта апіралася на ідэю ўзаемазвязнага развіцця мовы, мыслення і «духу народа». «Мова і духоўная сіла народа развіваюцца не асобна адна ад адной і не паслядоўна адна за другой, а складаюць выключна і непадзельна адно і тое ж дзеянне інтэлектуальнай здольнасці».

У XIX ст. была распрацавана т.зв. матэрыялістычнаятэорыя паходжання мовы, ці «працоўная», або «сацыяльная». Паводле яе, мова ўзнікла як вынік сумеснай дзейнасці перашабытных людзей (неабходнасць узаемаразумення стымулявала ўзнікненне гукавых комплексаў). Перашабытныя людзі як бы прымацоўвалі гукавыя комплексы да прадметаў, дзеянняў. Паступова з развіццём грамадства слова ўжывалася не толькі для абазначэння канкрэтнага, але і цэлага класа прадметаў. Абстрагуючыся ад прадмета, мова ператваралася ў своеасаблівы знак. Такім чынам, вытокі мовы ўзыходзяць да пачатку сумеснай працоўнай дзейнасці і іншых грамадскіх стасункаў у працоўным калектыве [7].

Як бы ні вырашалася ў навуцы праблема паходжання мовы, відавочным для ўсіх нас з’яўляецца тое, што жыццё мовы цесна звязана з жыццём грамадства. Мова не толькі дапамагае людзям зразумець адзін аднаго, але і захаваць здабыткі чалавечай гісторыі, навукі і культуры.

 

3. Функцыі мовы ў грамадстве

Мова – складаная знакавая сістэма. І тое, што мы ведаем, як жылі нашы продкі тысячы гадоў назад, пра што яны марылі, аб чым рупіліся, і тое, што мы можам выказаць свае думкі, перадаваць пачуцці, – гэта ўсё дзякуючы яе універсальнаму характару і поліфункцыянальнасці. Універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый.

Асноўнымі сярод усіх функцый (а іх налічваецца каля 25) мовы з'яўляюцца камунікатыўная (мова – найважнейшы і унікальны сродак узаемаадносін паміж людзьмі) і пазнавальная, ці кагнітыўная (мова забяспечвае магчымасць думаць і пазнаваць свет). Пры дапамозе гэтых дзвюх функцый асоба атрымлівае інфармацыю ад іншых людзей ці грамадскія суполкі, людзі перадаюць патрэбную інфармацыю іншым асобам. Але з дапамогай мовы людзі не толькі могуць паведамляць адзін аднаму патрэбную інфармацыю, але і назапашваць веды, фіксаваць, класіфікаваць, абагульняць пэўныя інтэлектуальныя дасягненні чалавецтва.

На базе дзвюх асноўных функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя. У складзе камунікатыўнай функцыі вылучаюцца, напрыклад, рэгулятыўная, ці фатычная,пры дапамозе якой людзі наладжваюць кантакты паміж сабой, уступаюць у дыялогі і замыкаюць іх, рэгулююць адносіны паміж сабой, і акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай самасвядомасці народа.

У складзе пазнавальнай функцыі вылучаюць намінатыўную – функцыя наймення прадметаў, з'яў рэчаіснасці і эмацыйную – функцыя выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою.

Словы з’яўляюцца яшчэ і сродкам мастацкай творчасці. Таму з камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная, сутнасць якой у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам слоў, іх спалучэннем. Гэтая функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення.

Вельмі важнай функцыяй мовы з'яўляецца этнічная, калі мова выступае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці. Для беларускай мовы гэтая функцыя набывае асаблівае значэнне, паколькі Беларусь як самастойная дзяржава можа выйсці на міжнародны ўзровень толькі пры ўмове валодання нацыянальнымі традыцыямі, нацыянальнай спадчынай, культурай і мовай.

 

4.Нацыянальная мова і духоўная культура народа

Беларуская мова – мова беларускага народа, адметная форма яго духоўнай культуры. Гэта – «адзежа душы», самы дарагі яго скарб. Нацыянальная мова – матэрыялізаваная душа народа, які выпрацаваў на працягу сваёй доўгай гісторыі спецыфічныя фанетычныя, лексічныя, граматычныя адзнакі. Яе характарызуе, напрыклад, заўсёды цвёрдае вымаўленне гукаў [р], [ч] (чароўны, чабор), наяўнасць складаных гукаў [дз], [дж] (дзеці, гляджу), мілагучнае спалучэнне зычных і галосных (салодкі, ільняны), выкарыстанне сэнсава і эмацыянальна ёмістых слоў (ліпень, вясёлка), характарыстычных фразеалагізмаў (гады ў рады, як на дзяды) і інш.

Беларуская мова была і застаецца на нашай зямлі роднай моваю беларусаў. Яна трымае нас разам, цэментуе беларускую нацыю. Тэрмін родная мова, выкарыстаны ў час перапісу насельніцтва Беларусі 1999 года, паказаў наступнае: 81,2 % прызналі сябе беларусамі; 85,6 % з гэтай колькасці прызналі беларускую мову роднаю; болей за 40 % ад гэтай колькасці сцвердзілі, што карыстаюцца беларускаю моваю як формаю зносін паўсядзённа. Родная мова – гэта сістэма, якую пэўны народ самаідэнтыфікуе як сваю ўласную, надзвычай дарагую і каштоўную самому сабе, неад’емную ад гісторыі краю, адметную ад суседніх ці іншых моў.

Беларускаю моваю карыстаюцца штодзень у бытавых зносінах у вёсцы і горадзе. Беларускія словы, песні гучаць на вяселлях і радзінах, народных святкаваннях і проста за бяседным сталом. Іх можна пачуць па радыё і тэлебачанні, са сцэны тэатра і эстрады. На беларускай мове выходзяць газеты і часопісы, друкуюцца навуковыя працы, падручнікі і дапаможнікі для школ і вышэйшых навучальных устаноў. Творы майстроў беларускай літаратуры заслужылі прызнанне ў нашай краіне і за яе межамі.

Мова – не толькі сродак, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Гэта люстэрка жыцця народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай. Яна з'яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання культуры. Разам з тым мова – прадукт чалавечай культуры і яе важная частка, якую мы атрымліваем ад прадзедаў.

Любая культура з'яўляецца працэсам і вынікам асваення чалавекам рэчаіснасці. У розных народаў спосабы і вынікі гэтага асваення маюць агульнае і адметнае, спецыфічна-нацыянальнае. Усё гэта найперш адлюстроўваецца ў мове: у адметнасці слоўніка, у будове слоў, сказаў. Мова – гэта не толькі сувязь паміж людзьмі, але і людзей з прыродаю як важным складальнікам культуры. Гумбальт сцвярджаў: «У кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне. Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай».

У кожнай мове ёсць назвы прадметаў, паняццяў, якія значаць больш, чым яны абазначалі спачатку. На працягу гісторыі развіцця многія словы акумулююць інфармацыю, звязаную з бытам, звычаем, культурай народу, абрастаюць разнастайнымі асацыяцыямі. Гэтая дадатковая, нацыянальна абумоўленая інфармацыя існуе ў свядомасці носьбітаў мовы і складае так званы нацыянальна-культурны кампанент значэння моўных адзінак. Прадметы і з’явы, якія адыгрываюць важную ролю ў жыцці пэўнага народа, маюць больш разнастайных назваў, чым аб’екты, якія не сустракаюцца або рэдка сустракаюцца ў жыцці. Так, прыкметнай адзнакай ландшафту Беларусі з’яўляецца балота, і беларуская мова мае больш за 20 яго назваў: дрыгва, дрыгвянік, багна, багнішча, твань, тхлань, імшара і інш. Затое ў нашай мове зафіксавана толькі адна назва такой жывёліны, як вярблюд, у той час як у арабскай мове даследчыкамі адзначаецца каля 5000 розных яго назваў [7].

Мова – не толькі спосаб захавання духоўнасці і культуры, але і ў пэўнай ступені сродак іх фарміравання. Многія вучоныя схільны лічыць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы. Гэта значыць, што сама мова як своеасаблівы код культуры ў пэўнай ступені вызначае светапогляд і менталітэт народа, яго псіхічную і нацыянальна-культурную свядомасць.

 

2. Беларуская мова ў сям’і індаеўрапейскіх моў. Вытокі беларускай мовы

3. Славянская моўная група

У свеце, паводле звестак вучоных, налічваецца ад 2,5 да 6000 жывых і мёртвых моў. На аснове падабенства роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў моўныя сем’і(іхкаля 20): індаеўрапейская, цюркская, угра-фінская, кітайска-цібецкая, мангольская, семіта-хаміцкая і інш. У сваю чаргу, моўныя сем’і могуць распадацца на моўныя групы і падгрупы. Аднак ёсць мовы (напр., японская, якая абслугоўвае звыш 110 млн. чалавек, карэйская), якія існуюць ізалявана, не ўваходзяць у склад сем’яў ці груп.

Беларуская мова належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы, усходнеславянскай падгрупы.

Індаеўрапейскія мовысамая вялікая ў свецемоўная сям’я. У наш час амаль кожны другі жыхар планеты гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання. Сама назва паказвае на вельмі далёкую, але ўсё ж роднасць моў народаў Еўропы і Азіі. Індаеўрапейская сям’я моў падзяляецца на 12 (у дапаможніках Л.І. Сямешкі, Л.А. Гіруцкай і некаторых іншых аўтараў называецца лічба 16) груп: індыйская, германская (англійская, нямецкая, галандская, шведская, дацкая, нарвежская, ісландская і г. д.), раманская (іспанская, італьянская, французская, румынская, малдаўская, партугальская, мёртвая лацінская мова і г. д.), славянская, балтыйская (літоўская, латышская і мёртвая пруская мова), кельцкая (ірландская, шатландская і г. д.), іранская (персідская, афганская, таджыкская і г. д.), грэчаская, армянская, албанская, хецкая, тахарская.

Славянская група распадаецца на тры падгрупы: усходнюю (беларуская мова, руская, украінская), заходнюю (польская, чэшская, славацкаая, сербалужыцкая, мёртвая палабская),паўднёвую (балгарская, македонская, сербскахарвацкая, славенская, мёртвая стараславянская). Увогуле, славянскія мовы – пятая паводле распаўсюджанасці група моў на Зямлі (пасля кітайскай, індыйскай, германскай і раманскай).

Славянскія мовы выдзеліліся з індаеўрапейскай мовы (мовы-асновы, прамовы, мовы-маці) недзе на мяжы ІІІ і ІІ тысячагоддзяў да н. э. Ад тых старажытных часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся вялікі пласт слоў. У беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца словы Бог, вера, дух, дзіва, неба, маці, брат, снег, воўк, вуж, лён,лічэбнікі два, тры, дзесяць, сто,займеннікіты, вы, сам і інш.

ІІІ тысячагоддзе да н. э. – І тысячагоддзе н. э. – агульны перыяд у гісторыі славян – агульнаславянскі (скончыўся гэты перыяд прыкладна ў сярэдзіне І тысячагоддзя н. э.). І, адпаведна, мову славян гэтага часу называюць агульнаславянскай, або праславянскай. Яна складалася з блізкароднасных племянных дыялектаў. Даследчыкі вылучаюць тры асноўныя дыялекты, якія ўмоўна называюць усходнім, заходнім, паўднёвым. Ёсць гіпотэза і аб існаванні агульнай балта-славянскай мове-продку, што тлумачыцца асабліва блізкімі адносінамі ў старажытнасці славян і балтаў (шматлікія прозвішчы, назвы населеных пунктаў, вадаёмаў на Беларусі маюць балцкія карані: Нёман, Нача, Ашмяны, Смаргонь, Кемелішкі, Гервяты, Геранёны і многія іншыя). Існуе версія і славяна-фінскага паходжання беларускай народнасці. Якое месца займала мова продкаў беларусаў у праславянскім свеце? На думку рускага вучонага А. Шахматава, беларускага даследчыка П. Бузука і некаторых іншых, хутчэй за ўсё прабеларусы займалі прамежкавае становішча паміж продкамі рускіх, украінцаў і заходнімі славянамі. Пра гэта сведчаць агульныя для беларускай і заходнеславянскіх моў працэсы (дзеканне, цеканне, страта мяккага [p]).

Паступова славяне пашыралі тэрыторыю свайго рассялення (ад Віслы і Одэра да Дона і Волгі, ад Карпат да Балтыкі), і за час вандровак па Еўропе сувязі паміж імі паслабляліся. Дарэчы, агульная колькасць славян у свеце каля 290 млн. чалавек (для параўнання: кітайцаў каля 1 247 млн. на 1999 г.). Яны аб’яднаны паміж сабой не толькі агульнасцю паходжання, многімі культурнымі традыцыямі, але і незвычайнай блізкасцю моў (такая блізкасць праяўляецца ў падабенстве каля дзвюх тысяч слоў, а таксама ў фанетыцы, граматыцы). Параўн.: галава (бел.), голова (рус.), голова (укр.),glowa(польс.), hlava(чэшс.), глава (балг.) і пад.

У УІ-УІІ ст. н. э. завяршылася рассяленне славян і ўтварыліся тры групы славянскіх плямён (усходнія, заходнія і паўднёвыя славяне). Пазней на іх аснове пачнуць складвацца асобныя народнасці.

У ІХ ст. усходнія славяне ўтварылі феадальную дзяржаву Кіеўская Русь, а ў канцы Х ст. на нашыя землі прыйшло хрысціянства, разам з ім і пісьменнасць на стараславянскай (царкоўнаславянскай) мове – першай літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян (успомнім асветнікаў Кірылу і Мяфодзія). На гэты час яшчэ не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі рукапісныя. (Буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці на Беларусі: Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр). Царкоўнаславянскай мовай карысталіся не толькі пры перапісванні свяшчэнных тэкстаў, але і для стварэння арыгінальных твораў рэлігійнага зместу (казанні, павучанні, словы, малітвы епіскапа Кірылы Тураўскага; словы-прамовы царкоўнага дзеяча, філосафапалескага Златавуста; пісьмовая спадчына пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага). Асаблівай увагі заслугоўвае культурна-асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай (заснавала жаночы і мужчынскі манастыры і царкву ў Полацку, скрыпторыі – майстэрні, у якіх перапісваліся свяшчэнныя кнігі; па яе загаду майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў створаны надзвычайнай прыгажосці крыж, надпіс на якім зроблены таксама на царкоўнаславянскай мове). Старажытныя беларускія пісьменнікі-асветнікі былі людзьмі высокай культуры, якія ведалі не толькі Біблію, але і антычную літаратуру – Гамера, Платона, Арыстоцеля.

Дзяржаўнайжамовай Кіеўскай Русі з’яўлялася старажытнаўсходнеславянская, ці старажытнаруская мова, утвораная шляхамсінтэзу стараславянскай мовы і жывой гутарковай мовы ўсходніх славян. Нагадаем, што тэрмін «старажытнаруская» звязваецца не з сучаснай рускай мовай (велікарускай), а адносіцца ў роўнай ступені да ўсіх трох усходнеславянскіх моў. На старажытнаўсходнеславянскай мове напісаны такія творы, як «Слова пра паход Ігаравы», «Аповесць мінулых гадоў», «Руская праўда», «Слова мітрапаліта Іларыёна», «Астрамірава Евангелле», творы Уладзіміра Манамаха,а таксамашматлікія гандлёвыя дагаворы, граматы, грашовыя разлікі, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры (пра гэта сведчаць археалагічныя раскопкі). Ужо ў гэты час у літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян вылучаецца як мінімум тры стылі: справавы, царкоўна-кніжны і свецка-літаратурны (найбольшая колькасць стараславянскіх элементаў назіраецца ў творах рэлігійнага зместу, менш – у мастацкіх, яшчэ менш – у справавых тэкстах, апошнія з якіх адлюстроўваюць спецыфічныя рысы сучаснай беларускай мовы).Дарэчы, аўтарства «Слова пра паход Ігаравы» (ХІІ ст.), на думку рускага даследчыка Б. Зотава, хутчэй за ўсё належыць Кірыле Тураўскаму (вельмі блізкая да «Слова..» манера выкладання думак, пачуццяў з дапамогай мовы, уласцівыя яму выяўленчыя і вобразныя сродкі).

Такім чынам, да ХІІІ ст. існавала адносна адзіная пісьмовая мова ўсходніх славян, аднак гаварылі продкі рускіх, беларусаў і ўкраінцаў па-рознаму. Кожная мова развівалася сваім шляхам!

 

4. Роля беларускай мовы ў ВКЛ

У ХІІІ ст. пасля распаду Кіеўскай Русі (а гэтаму паспрыялі міжусобныя войны феадалаў) пачалі складвацца асобныя народнасці – беларуская, руская і ўкраінская. Беларуская народнасць утварылася з трох плямён: крывічы, радзімічы, дрыгавічы.(Тэрмін «Белая Русь» упершыню сустракаецца ў канцы XIV ст. у адносінах толькі да Полацкай зямлі. У далейшым ён пашырыўся на ўсю Беларусь).

Асноўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы (даследчыкі называюць яе старабеларускай) адыгралі мясцовыя гаворкі(паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты). Як асобная самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў ВКЛ на працягу ХІУ – ХУІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці афіцыйнай дзяржаўнай. У пісьмовых дакументах таго часу наша зямля часта называецца Літвой, беларусы – літоўцамі або ліцвінамі ў знак таго, што яны былі жыхарамі ВКЛ, а мова – літоўскай, рускай, простай (продкі ж сучасных літоўцаў называліся жамойтамі і аўкштайтамі).

На беларускай мове былі створаны летапісы, арыгінальныя і перакладныя мастацкія творы, вучэбная, публіцыстычная, юрыдычная літаратура; вялася дыпламатычная перапіска (1392 – 1393 гг. хан Арды Тахтамыш піша ліст польскаму каралю Ягайла на старабеларускай мове)! Важна і тое, што на славянскім усходзе распачалося кнігадрукаванне (6 жніўня 1517 г. у Празе Ф. Скарына надрукаваў на царкоўнаславянскай мове Псалтыр). Спыніцца на асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны (гуманіст, першадрукар, перакладчык, пісьменнік, рэдактар, мастак). Менавіта ён узняў беларускую мову і беларускую культуру на еўрапейскі ўзровень(праз два стагоддзі тое самае паспрабуе зрабіць для рускага народа М. В. Ламаносаў). Гэты перыяд знакаміты такімі вядомымі асветнікамі, людзьмі энцыклапедычнай адукаванасці, як Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, Андрэй Рымша, Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і інш.

Назавём жанры і найбольш вядомыя помнікі літаратуры таго часу.

1.Справавая літаратура, да якой адносіліся гандлёвыя дагаворы, дарчыя граматы, судовыя і пасольскія кнігі, пастановы сейма, справаздачы, каралеўскія наказы, пісьмовыя правы на валоданне зямлёй і інш. Прыклады дадзенага жанру: «Дагавор Полацка з Рыгай»(1330 г.), «Дарчая грамата» Вітаўта літоўскім канонікам (1399), «Судзебнік» караля Казіміра Ягелончыка (1468 г.), «Кніга судовых спраў» (1516 г.) і інш. Помнікі справавой пісьменнасці, як рукапісныя, так і друкаваныя, сабраны ў 600 тамоў Літоўскай метрыкі, дакументы якой даюць уяўленне пра розныя бакі палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў і з’яўляюцца крыніцай вывучэння беларускай мовы. Найбольш слынным дакументам гэтага перыяду, безумоўна, лічыцца Статут Вялікага Княства Літоўскага (тры рэдакцыі: 1529 г., 1566 г., 1588 г.), які стаў узорам, асновай для ўпарадкавання права нават у многіх суседніх дзяржавах: Прусіі, Польшчы, Расіі! Доўгі час заставаўся адзіным зборамзаконаў у Еўропе, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Не выклікае сумненняў, што «Статут» быў распрацаваны і падрыхтаваны на высокім тэарэтычным і прафесійным узроўні кваліфікаванымі прававедамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі (рэдакцыя 1588 г. падрыхтавана пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А. Б. Валовіча і падканцлера Л.І. Сапегі). «Статут» – сведчанне дзяржаўнасці беларускага і літоўскага народаў, іх высокай прававой культуры. Некаторыя сучасныя гісторыкі многія гады даказвалі, што да кастрычніка 1917 года беларусы аб дзяржаўнасці толькі марылі... Публікацыя «Статута Вялікага Княства Літоўскага» (Мн., 1989 г.), прымеркаваная да 400-годдзя першай публікацыі (1588 г.), – важкі аргумент у сённяшніх спрэчках аб дзяржаве і беларускай мове.

Справавыя дакументы даволі паслядоўна адлюстроўвалі асаблівасці народнай гаворкі, яе багатую лексіку, фанетычныя і граматычныя з’явы. Слоўнік старабеларускай мовы папаўняўсяграмадска-палітычнай, юрыдычнайтэрміналогіяй (увогуле перыяд ВКЛ адметны фарміраваннем розных тэрмінасістэм: гандлёвай, ваеннай, навуковай і г. д.): аброк, права, мыто (пошліна), послух (сведка), рубель, чалядзін, дзяржава, прыгонныя людзі, помста, забойца, кошт і г. д.

2. Летапісы(захавалася каля 20 збораў) ХУ – ХУІІ стст. Сярод іх знаходзяцца Супрасльскі збор, Увараўскі збор, Віленскі зборнік,дзе апісваюцца жыційныя, ваенныя, княжацкія справы на тэрыторыі нашай краіны. Найбольш знакамітымі з’яўляюцца «Чэцці-Мінеі», напісаныя паповічам Бярозкам з Новагародка, які распавядае пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба, а таксамаБаркалабаўскі летапіс(апісваюцца падзеі ў наваколлі Быхава).

3. Перакладная жыційная літаратура(ХУ – ХУІ стст.). Пераклады з грэчаскай, сербскай і некаторых іншых моў: «Александрыя»(апісваюцца паходы і подзвігі Аляксандра Македонскага), «Гісторыя Траянскай вайны»(аб заваяванні грэкамі Троі); «Аповесць аб Трыстане», «Гісторыя аб Атыле», «Аповесць пра Баву».

4. Мастацкая і палемічная літаратура: «Метры» Сімяона Полацкагана старабеларускай мове, эпіграмы Андрэя Рымшы,палемічныя прамовы Мялешкісупраць польскага засілля, а таксама вершы невядомых аўтараў.

5. Лінгвістычная літаратура: «Грамматіка Словенска», «Лексіс»(тлумачыцца 1061 стараславянскае слова) Лаўрэнція Зізанія, «Грамматіка» Мялеція Сматрыцкага, якую пазней М. В. Ламаносаў назаве «вратами учёности». Дадзеная праца прысвечана апісанню стараславянскай мовы, але, як і ў Л.Зізанія, метамовай (мовай, з дапамогай якой апісваецца іншая мова, у прыватнасці, царкоўнаславянская) паслужыла старабеларуская, дзе адзначаюцца рысы жывой беларускай гаворкі: зацвярдзелы р, аканне,заменаяцьнае, беларускія лексемыале,друк, праца і інш.

6. Рэлігійная літаратура. Францыск Скарына (23 кнігі Бібліі, «Малая падарожная кніжыца», «Апостал»), Сымон Буднына старабеларускай мове ў 1562 г. выдае «Катэхізіс»; Васіль Цяпінсківыдаў у сваім перакладзе на старабеларускую мову «Евангелле».Да гэтага ж часу належаць 30 зборнікаў кітабаў(рукапісныя рэлігійныя кнігі татар, якія з ХІУ ст. да сённяшніх дзён жывуць на Беларусі). Лінгвістычная каштоўнасць дадзеных тэкстаў у тым, што арабскімі літарамі паслядоўна і выразна перадаюцца многія фанетычныя асаблівасці беларускай мовы, якія нерэгулярна, эпізадычна фіксаваліся ў старабеларускіх помніках, напісаных кірыліцай. Да такіх асаблівасцей належаць аканне, яканне, перадача г фрыкатыўнага, афрыкатаў дж, дз, мяккага сі інш. У тэкстах гэтых помнікаў назіраецца паступовы пераход ад марфалагічнага да фанетычнага прынцыпу напісання слоў. Акрамя ўласных лексем, у дадзеных помніках ёсць і беларуская фразеалогія (галаву звесіць, сэрца баліць, чыніць паклон і інш.).

У старабеларускіх рукапісных і друкаваных кнігах даволі разнастайна пададзены жывыя моўныя з’явы, уласцівыя беларускім гаворкам і не характэрныя ў цэлым для рускай і ўкраінскай моў. Да пералічаных ужо фанетычных адметнасцей неабходна дабавіць падаўжэнне зычных(зелле, жыццёі інш.), зацвярдзенне р, ж, ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і г.д.), прыстаўныя гукі в, г(восень, гусеница і інш.), пераход в, у, л уў, перададзенае праз в(вжо, прышовъ і пад.), чаргаванне складоў ро, лоз ры, лы ў становішчы паміж зычнымі (кровъ – крыви, глотка – глытати і пад.). З марфалагічных рысаў: скланенне назоўнікаў тыпу боль, жаль, тень, насыпъ і г. д. на ўзор мужчынскага роду, ужыванне канчаткаў –у(-ю) у назоўніках р. скл. адз. л. м. р.(народу, бродуі пад.). У слоўнікавым складзе беларускай мовы, акрамя спрадвечнабеларускай лексікі, сустракаюцца шматлікія запазычанні з розных моў: польскай (скарга, еднасць, ліст, ксёндз і інш.), чэшскай (брама, гарцаваць і інш.), літоўскай (пуня, клуня, жвір і інш.), нямецкай (варта, штурм, фурман і інш.), французскай (пашпарт, сяржанті інш.), італьянскай (пошта, палац, кампанія і інш.), лацінскай (правінцыя, камісія, працэс, копія і інш.), грэчаскай (біблія, манах і інш.), цюркскіх (атаман, тавар, торба і інш.) і г. д.

Старабеларуская мова на працягу некалькіх стагоддзяў абслугоўвала розныя сферы грамадскага жыцця ў ВКЛ. Яна аказала ўплыў на іншыя мовы, у прыватнасці, на літаратурную мову рускай народнасці! Менавіта гэты перыяд (14 – 16 стст.) лічыцца росквітам у гісторыі беларускай культуры, мовы, таму вучоныя і назвалі яго «залатым векам».

Аднак далейшы ход развіцця беларускай мовы быў надзвычай неспрыяльным.

 

5. Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

Як ні дзіўна, але менавіта ў час поўнага нацыянальнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусістаў з’яўляецца ідэя беларускага нацыянальнага Адраджэння. Узнавіць беларускую культуру праз адраджэнне беларускай мовы – такую мэту ставілі перад сабой асветнікі ХІХ ст. (ля вытокаў гэтага прагрэсіўнага працэсу стаялі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Каліноўскі, У. Сыракомля, Ядвігін Ш., А. Гурыновічііншыя прагрэсіўныя пісьменнікі). Нягледзячы на царскую забарону аб друкаванні кніг, у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творыФранцішка Багушэвіча (зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі»), з’яўляюцца вершы Я Лучыны. У 1906 г. выдаюцца газеты «Наша Доля», пасля – «Наша Ніва». У «Нашай Ніве» друкавалі свае творы класікі беларускай літаратуры: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, С. Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы.Нагадаем,што фарміравалася яна не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам «вырастала» з народных гаворак, затым апрацоўвалася, удасканальвалася майстрамі беларускага слова. (Аднак сам працэс развіцця сучаснай літаратурнай мовы расцягнуўся больш чым на стагоддзе. Па сутнасці, яшчэ ў пачатку ХХ ст. беларуская мова была неўнармаванай, развівалася ў асноўным у жанры мастацкай літаратуры).

У 1918 г. была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) і беларуская мова ўпершыню пасля часоў ВКЛ набыла статус дзяржаўнай, г. зн. на ёй працавалі ўрад і іншыя грамадскія ўстановы. Распачаўся працэс беларусізацыі. Да беларускага пісьмовага слова далучыліся мільёны людзей. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў, сярод іх А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча, М. Чарот, А. Дудар.К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва і інш. (Вялікі парадокс 60-70 гадоў у тым, што ў той час, як у нас скарачалася колькасць чытачоў беларускай літаратуры, яна выйшла на сусветную арэну. Гэта быў плён нацыянальна-культурнай палітыкі 20-х гадоў). Упершыню былі створаны на беларускай мове падручнікі для школ па ўсіх прадметах, слоўнікі (у прыватнасці, слоўнікі вайсковай тэрміналогіі, прававой, батанічнай; дыялектныя слоўнікі, перакладныя і інш.). У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай (!), звыш 80 % школ мелі беларускую мову навучання. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі. У 1918г. Браніслаў Тарашкевіч падрыхтаваў «Беларускую граматыку для школ», якая дала пачатак станаўленню новай беларускай арфаграфіі. У «Граматыцы» ўпершыню былі прыведзены ў сістэму правілы напісання спрадвечна беларускіх слоў і асобна вызначаны нормы напісання слоў іншамоўнага паходжання. «Граматыка» Тарашкевіча на працягу 20-х гадоў ХХ ст. заставалася адзіным стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся падручнікі і даследаванні па беларускай мове. (Дарэчы, беларуская дыяспара і сёння карыстаецца дадзенай арфаграфіяй, якая атрымала неафіцыйную назву «тарашкевіца»).

 

 

 




Поиск по сайту:

©2015-2020 studopedya.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.