Тэкст : паведамленне, якое напісанае, надрукаванае (выказванне, абзац, раздзел твора і г. д.) або выказанае вусна, і якое характарызуецца сэнсавай і структурнай завершанасцю, і якое можна ўзнавіць, паўтарыць у тым самым выглядзе[1].
Паводле спосабаў выкладу інфармацыі адрозніваюць тры тыпы тэкстаў: апавяданне, апісанне, разважанне. Паводле стылю адрозніваюць тэкст мастацкі, навуковы і інш.
У залежнасці ад стылю, тэкст арганізоўваецца з дапамогай адпаведных сродкаў арганізацыі: лексічных і структурных канструкцый, зрокавага афармлення і пад. Мінімальнай сэнсава закончанай адзінкай тэксту з'яўляецца сказ. Адносна класіфікацыі абзацу ў дачыненні да тэксту думкі мовазнаўцаў разыходзяцца.
Апавяданне: тып тэксту, у якім паведамляецца пра дзеянні, падзеі, якія адбываюцца паступова, паслядоўна. Характэрны для мастацкай літаратуры. Звычайна ў такім тэксце ўтрымліваюцца зачын і заканчэнне, а самі падзеі ўтвараюць паслядоўнасць адносна завершаных частак.Апісанне: тып тэксту, які з'яўляе дакладную (паводле магчымасці) слоўную перадачу, адлюстраванне прадмета, дзеяння ці стану ў іх істотных прыкметах. Характэрны для навуковай літаратуры.Разважанне: тып тэксту, у якім разгляд пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці, аргументаванасці; меркаванні, якія выказваюцца ў адносінах да пэўных праблем, палажэнняў і пад., параўноўваюцца адно з адным, затым групуюцца ў лагічную паслядоўнасць, на аснове якой робяцца пэўныя заключэнні, вывады. Тып, асабліва характэрны для навуковай літаратуры.
Тэксты-разважанні ў сваёй структуры маюць тры часткі: тэзіс, доказы-аргументы, вывады.
Тэкст - гэта вынік маўленча-мысліцельнай дзейнасці людзей, які фіксуецца ў вуснай ці пісьмовай форме. Вуснае маўленне мае пераважна від дыялога, а пісьмовы тэкст выступае ў форме маналога; вуснае маўленне заўсёды працякае на базе агульнай для субяседнікаў сітуацыі, што робіць яго эліптычным, а пісьмовы тэкст, як правіла, максімальна стандартызавпны, нарміраваны і разгорнуты. У параўнанні з вусным маўленнем пісьмовы тэкст мае больш багаты лексічны склад, шматпланавую семантычную арганізацыю, часцей выкарыстоўвае сінтаксічна складаныя сказы. Вусны тэкст існуе толькі ў працэсе маўлення, пісьмовы тэкст застаецца ўвесь час існавання матэрыялаў, на якіх ён запісаны.
Тэксты дзеляцца на звязныя і нязвязныя. У першым выпадку яны ўяўляюць сінтаксічна арганізаваныя вынікі моўнай дзейнасці (навуковыя, публіцыстычныя, мастацкія і іншыя творы), у другім - сукупнасць тых ці іншых моўных даных (слоўнікі, спісы імён і г.д.).
Тэматычна тэксты дзеляцца ў адпаведнасці з іх адносінамі да канкрэтных навуковых дысцыплін, сфер дзейнасці і заняткаў людзей, а ўнутры кожнай такой сферы робіцца больш падрабязнае разгалінаванне пісьмовых тэкстаў. Так, тэксты мастацкай літаратуры - вершаваныя і празаічныя, драматычныя і недраматычныя, з улікам жанраў - раманы, аповесці, апавяданні, эсэ і інш.
З лінгвістычнага боку ў тэксце вылучаюцца: кампаненты, ці адзінкі тэксту; сувязі і адносіны паміж гэтымі кампанентамі; семантыка тэксту. Матэрыяльныя кампаненты тэксту ствараюць даволі строгую іерархічную паслядоўнасць, у якой кожны папярэдні кампанент выступае як частка наступнага, у выніку чаго атрымліваецца такі ланцужок: літара - слова - сказ - абзац - тэкст. У вялікім тэксце (раман, аповесць, манаграфія і інш.) паміж абзацам і тэкстам знаходзяцца звычайна такія часткі тэксту, як параграф, раздзел, том. Разнастайныя адносіны паміж кампанентамі тэксту выступаюць у выглядзе граматычных і семантычных сувязей. Першыя паслядоўна аб’ядноўваюць элементы тэксту ў больш буйныя яго адзінкі (словы ў словазлучэнні, словазлучэнні ў сказы, сказы ў дыскурсы, дыскурсы ў тэкст). Другія ствараюць розныя па велічыні і складанасці сэнсавыя часткі тэксту, якія камбінуюцца адна з адной у розных прапорцыях. Змест, ці семантыка тэксту, мае надзвычай складаную структуру, у якой адлюстравана і задума аўтара, і знешняя рэчаіснасць, і значэнні слоў, словазлучэнняў, сказаў, і так званыя фонавыя веды (прэсупазіцыі), што чытаюцца паміж радкоў тэксту, і г.д. У навуковым тэксце з пункту гледжання яго фармальнай арганізацыі разгортваюцца 2 сэнсавыя лініі: сам змест тэксту і спасылкі на тую ці іншую літаратуру, у кантэксце якой і функцыяніруе навуковы тэкст.
У асноўным у полі зроку сучаснай навукі пра тэкст знаходзяцца толькі вербальныя (слоўныя) знакі, але сапраўдную рэчаіснасць тэксту складаюць і шматлікія невербальныя знакі (лічбы, формулы, сімвалы, схемы, малюнкі, табліцы, фатаграфіі, знакі прыпынку, дыяграмы, чарцяжы і інш.), якія ў некаторых відах тэкстаў (матэматычных, тэхнічных і г.д.) займаюць больш месца і выконваюць большую інфарматыўную ролю, чым пісьмовыя сродкі натуральнай мовы. Немалаважныя для тэксту і разнастайныя спосабы напісання літар і слоў, шматлікія прыёмы іх выдзялення ў тэксце (падкрэсліванне, набор розным шрыфтам, ужыванне каляровай афарбоўкі і г.д.).
У залежнасці ад таго, як выказваецца думка, тэксты бываюць трох тыпаў: апавядальныя, апісальныя і тэкст-разважанне.
У апавядальных тэкстах апавядаецца пра нейкую падзею, даецца мастацкае апісанне пэўнай з’явы і г.д. Апавяданне можа спалучацца з апісаннем і разважаннем.
У апісальных тэкстах засяроджваецца ўвага на апісанні, канкрэтнай характарыстыцы, дэталізацыі пэўных фактаў, з’яў, падзей. Апісанне часам пераходзіць у апавяданне.
У тэкстах-разважаннях аўтар разважае, даказвае, тлумачыць нешта.
36. Стылістыка як раздзел мовазнаўства. Функцыянальныя стылі беларускай мовы
Словы, якія ўтвараюць лексічны склад беларускай мовы, адрозніваюцца сваім ужываннем. Пры размове або на пісьме з лексічнага багацця мы выбіраем толькі патрэбныя нам словы. Так, пратакол сходу, заява, загад ці справаздача шмат
чым адрозніваюцца ад пісьма бацькам ці гутаркі двух сяброў. Гэта абумоўлена наяўнасцю ў мове стыляў, для кожнага з якіх характэрны пэўны набор слоў і выразаў, свая экспрэсіўнасць і выразнасць.
Моўны стыль — разнавіднасць літаратурнай мовы, сукупнасць моўных сродкаў, ужыванне якіх залежыць ад мэт і зместу выказвання. Асаблівасці таго ці іншага стылю, яго адметныя рысы вызначаюцца складам лексікі, фразеалогіі, характарам сказаў і граматычнымі формамі слоў. 3 улікам гэтага лексіка размяркоўваецца па стылістычных разрадах.лексікі У кніжнай мове выдзяляюць наступныя стылі: афіцыйна-справавы, навуковы, публіцыстычны, стыль мастацкай літаратуры. Гутарковай разнавіднасці мовы адпавядае гутарковы стыль.
Афіцыйна-справавы стыль — гэта стыль дзяржаўных пастаноў, указаў, дагавораў, пагадненняў, інструкцый, загадаў, справаздач, пратаколаў і інш. Для яго характэрны строгасць у адборы слоў і выразаў, аднастайнасць, сцісласць, эканомнасць выкладу, пэўная колькасць стандартных слоў і выразаў: прысутнічалі, слухалі, згодна з пастановай, прысвоіць званне, вывесці са складу, па лініі, у мэтах, закон, адзначыць, ратыфікацыя, пастанавілі, спра-ваздачны перыяд.
Навуковы стыль характарызуецца аб'ектыўнасцю, акрэсленасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю выкладу, інфармацыйнай насычанасцю. Для яго, як і для афіцыйна-справавога стылю, не характэрна ўжыванне вобразных, эмацыянальна-экспрэсіўных моўных сродкаў. Навуковы стыль выкарыстоўваецца ў даследаваннях па розных галінах ведаў, у навуковых працах. У гэтым стылі ўжываюцца нейтральныя словы з прамым значэннем, а таксама словы-тэрміны, якія абазначаюць разнастайныя навуковыя паняцці з розных галін веДаў: аналіз, вокіслы, дэдукцыя, блюмінг, пракатны стан, парадыгма, дэфініцыя, фармант.
Публіцыстычны стыль адрозніваецца ад іншых моўных стыляў сваім прызначэннем: яго моўныя сродкі разлічаны не толькі на паведамленне, перадачу пэўнай інфармацыі, а і на эмацыянальнае ўздзеянне. Гэты стыль выкарыстоўваецца ў мове газет, часопісаў, радыё, тэлебачання, у выступленнях на мітынгах, сходах, у мове артыкулаў на грамадска-палітычныя тэмы.
Публіцыстычны стыль характарызуецца шырокім ужываннем слоў і выразаў грамадска-палітычнай тэрміналогіі і публіцыстычнай лексікі: сацыялістычны лад жыцця, інтэрнацыяналізм, адданасць доўгу, кіруючая роля КПСС, авангард сацыяльнага прагрэсу, дэмакратычныя асновы, гонка ўзбраенняў, разрадка міжнароднай напружанасці, істотны, актуальны, грамадзянскі, рост дабрабыту.
Гутарковы стыль — гэта стыль штодзённай гутаркі людзей. У ім выкарыстоўваюцца агульнанародныя словы, а таксама дыялектызмы, прафесіяналізмы, прастамоўныя словы. У вуснай форме гутарковага стылю вялікую ролю адыгрываюць жэсты, міміка, інтанацыя, поза. Многія словы гэтага стылю маюць эмацыянальную афарбоўку, выражаюць станоўчыя ці адмоўныя адносіны чалавека да прадметаў і з'яў рэчаіснасці. Гутарковым словам уласціва стылістычнае адценне неадабрэння ці адабрэння, ласкальнасці, павелічальнасці, жартаўлівасці, іроніі, знявагі, пагарды: ваяка, здаравяка, балбатун, вершаплет, скварка, брынкаць, балбатаць, швэндацца, валтузіцца, бубніць. Эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка і ацэначнасць можа перадавацца лексічным значэннем слова: вочы, (нейтр.) — лупы (разм., зняваж.), скеміць (нейтр.) — сцяміць (разм., адабр.), прыхарошвацца (нейтр.) — падчапурвацца (разм., жарт.) або надавацца з дапамогай памяншальных і павелічальных суфіксаў: госцейкі, дачушка, шчасцейка, даўжэзны, таўшчэзны, бялюсенькі. Сярод гутарковай лексікі асобна вылучаюцца прастамоўныя словы. Яны ўжываюцца для адмоўнай характарыстыкі асобы і маюць ярка выражаную экспрэсію: вярзіла (пагард.), цюхі{яй (пагард.), скнара (зняваж.), падліза (абразл.).
У сістэме стыляў мовы асобнае месца займае стыль мастацкай літаратуры. Тэматычнае і жанравае багацце твораў патрабуе разнастайнасці і багацця выяўленчых сродкаў, таму гэты стыль характарызуецца выразнасцю, вобразнасцю, эмацыянальнасцю, здольнасцю выклікаць розныя пачуцці. Для яго, у адпаведнасці з творчай задумай аўтара, характэрна выкарыстанне слоў кніжнай і гутарковай лексікі, устарэлых слоў, неалагізмаў, шырокае ўжыванне слоў з пераносным значэннем, антонімаў, сінонімаў, розных выяўленчых сродкаў мовы: эпітэтаў, параўнанняў, метафар, перыфраз, гіпербал, алегорыі, гратэску, сімвалаў, іроніі і інш. У вершаваных творах сустракаюцца паэтычныя словы, якія маюць адценне лірычнасці, асаблівай узнёсласці, урачыстасці, святочнасці: ветразь, ясназорны, азораны, барвы, адвечны, ліра, пясняр, звонкаструнны, срэбразвонны, кайданы, гмах, сінявокі, агняцветны, жытнёвы, шумналісты, легкакрылы. Для мастацкага стылю характэрна выкарыстанне народна-паэтычных, фальклорных слоў: матухна, лецейка, жыцейка, зямліца, чырвона сонейка, зараначка, донька.
У сучаснай беларускай мове назіраецца ўзаемадзеянне стыляў, пранікненне слоў з адных стыляў у другія, што абумоўлена ўмелым і трапным адборам слоў, іх мэтанакіраваным выкарыстаннем. 3 развіццём культуры, асветы кніжныя словы замацоўваюцца ў гутарковым стылі, а гутарковыя — у іншых стылях, што звязана з цесным узаемадзеяннем і збліжэннем літаратурнай мовы з народна-дыялектнай.