Помощничек
Главная | Обратная связь


Археология
Архитектура
Астрономия
Аудит
Биология
Ботаника
Бухгалтерский учёт
Войное дело
Генетика
География
Геология
Дизайн
Искусство
История
Кино
Кулинария
Культура
Литература
Математика
Медицина
Металлургия
Мифология
Музыка
Психология
Религия
Спорт
Строительство
Техника
Транспорт
Туризм
Усадьба
Физика
Фотография
Химия
Экология
Электричество
Электроника
Энергетика

Коска паміж аднароднымі членамі сказа



 

1. Коскай раздзяляюцца аднародныя члены сказа, якія не звязаны паміж сабою злучнікамі.

 

Напрыклад:

Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы (Я. Купала).

Наўкола гуў, гаманіў, мітусіўся салдацкі натоўп (В. Быкаў).

Молада, хораша, звонка спяваў гарманіст (Я. Брыль).

 

Не з'яўляюцца аднароднымі членамі і не аддзяляюцца адзін ад аднаго коскай два дзеясловы ў аднолькавай форме, якія стаяць побач, утвараючы ў сэнсавых адносінах адно цэлае тыпу: Пайду вазьму. Пайсці даведацца. Вазьмі аднясі. Сядзем абмяркуем. Устань паглядзі. «Кладзіся ідзі спаць, позна ўжо!» – загадвае маці (А. Васілевіч).

2. Раздзяляюцца коскамі два або некалькі прыметнікаў-азначэнняў, якія адносяцца да аднаго і таго слова ў сказе і характарызуюць прадмет у аднолькавых адносінах – называюць падобныя паводле сэнсу прыметы (звычайна сінанімічныя або блізкія да сінанімічных), а таксама азначэнні, якія абазначаюць адметныя адзнакі розных прадметаў.

 

Напрыклад:

На змену ночы прыйшоў ясны, сонечны дзень (В. Вольскі).

Мяккія, ласкавыя гукі стройным сугалоссем паліліся па пакоі (Я. Колас).

Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня...(М. Багдановіч).

На ёлцы загарэліся чырвоныя, зялёныя, жоўтыя агні.

 

Не раздзяляюцца коскамі неаднародныя прыметнікі-азначэнні.

 

Напрыклад:

Над далёкімі лясамі звісала тонкая блакітная смуга (Я. Колас).

Я гляджу на зялёнае рослае жыта, на крутыя мурожныя ў лузе стагі (С. Грахоўскі).

Плыве над верасам хваёвы душны пах (П. Панчанка).

Насталі кароткія туманныя асеннія дні (Я. Колас).

 

3. Коскай аддзяляюцца аднародныя члены сказа, якія звязваюцца паміж сабой злучнікамі а, але, ды (у значэнні «але»), аднак, хоць, толькі і інш.

 

Напрыклад:

Паўлюк толькі зірнуў, але нічога не сказаў (Я. Колас).

Сонца толькі што ўзышло, аднак прыгравала ўжо даволі горача (Э. Самуйлёнак).

Хлопчык слухаў, ды не верыў (Я. Колас).

Голас яго ўжо быў амаль звычайны, толькі хрыпеў... (І. Шамякін).

І дзядзька быў рыбак выдатны, хоць больш урыўкавы, прыватны... (Я. Колас).

 

4. Коскай аддзяляюцца аднародныя члены сказа, якія звязваюцца пры дапамозе парных злучнікаў як, так і; не толькі, але (а) і; калі не, то (дык); хоць, але (а); хоць і не, затое (аднак); не то што, але і і інш.

 

Напрыклад:

Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка (П. Пестрак).

Маці як несла патэльню яечні на стол, так і застыла з ёю на паўдарозе (І. Шамякін).

Каб не то што сказаць, але і падумаць ніхто кепскага не мог... (І. Мележ).

Лес наш хоць і не дужа вялікі, але прыгожы (М. Ваданосаў).

Якуб Колас – паэт, і паэт не толькі ў сваіх паэмах, але і ў прозе (Б. Сачанка).

 

5. Коскай аддзяляюцца адзін ад аднаго аднародныя члены сказа, якія звязваюцца пры дапамозе паўторных злучнікаў і ... і, ды ды, то ... то, ні ... ні, не то ... не то, ці ... ці, ці то ... ці то, або (альбо) ... або (альбо)і інш.

 

Напрыклад:

Я рад і сонцу, і вясне, і дожджыку (Я. Пушча).

Пазбіраць іх [людзей] толькі трэба ды на добрую дарогу наставіць, ды даць ім добрага камандзіра (Я. Колас).

Касцы ідуць то грамадою, то шнурам цягнуць, чарадою, то паасобку, то па пары...(Я. Колас).

Ні далеч, ні час не заслоняць мне родных бароў (Я. Колас).

Потым чуваць ці то птушыны шчэбет-перасвіст, ці то веснавое бульканне ручаін (Я. Брыль).

 

6. Калі паўторныя злучнікі і, ні, то звязваюць словы як аднародныя часткі ўстойлівых (фразеалагічных) выразаў, то ў іх перад гэтымі злучнікамі коска не ставіцца.

 

Напрыклад:

і днём і ноччу, і туды і сюды, і смех і грэх, і смех і слёзы, і смех і гора, і скокам і бокам, і так і сяк, і так і гэтак, і тут і там, і вашым і нашым, і радасць і слёзы, і такі і гэтакі, і ў хвост і ў грыву, і дома і замужам;

ні так ні гэтак, ні бэ ні мэ, ні сёе ні тое, ні з таго ні з сяго, ні ўзад ні ўперад, ні жывы ні мёртвы, ні рыба ні мяса, ні кала ні двара, ні даць ні ўзяць, ні многа ні мала, ні больш ні менш, ні адтуль ні адсюль, ні свет ні зара, ні стаць ні сесці, ні села ні пала, ні слуху ні духу, ні складу ні ладу, ні гневу ні ласкі, ні канца ні краю, ні сват ні брат, ні к сялу ні к гораду, ні ў кола ні ў мяла, ні ў пяць ні ў дзесяць, ні грозьбай ні просьбай, ні спору ні ўмалоту, ні дому ні лому;

то скокам то бокам, то сюды то туды, то ўзад то ўперад, то тое то сёе, то так то сяк і інш.

 

7. Не аддзяляюцца коскай таксама два аднародныя члены сказа, якія звязваюцца паўторнымі злучнікамі, калі яны паводле сэнсу і інтанацыйна ўтвараюць адзінства.

 

Напрыклад:

Як хмары закрылі і сонца і зоры, пайшоў [Каліна] партызаніць да бору...(П.Броўка).

Вітаю цябе я і соллю і хлебам! (Я. Купала).

І дзень і два яны ў дарозе (Я. Колас).

Ці вясною ці ўлетку шмат народу на палетку (А. Русак).

 

8. Коскай раздзяляюцца ўсе аднародныя члены сказа, калі папярэднія з іх звязаны паміж сабой без злучнікаў, а наступныя – пры дапамозе паўторнага злучніка і.

 

Напрыклад:

Жыццё чулася ў траве, у гаёчку, і лясочку, на палях, і на лугах, і ў зялёненькім лужочку, і ў крынічных берагах (Я. Колас).

Дзень іграе на жалейцы, на трубе, і на ражку, і на сінім трысняку (М. Танк).

 

9. Калі паўторны злучнік і стаіць пасля першага аднароднага члена, перад ім таксама ставіцца коска.

 

Напрыклад:

У песнях жа родны край, родныя словы жылі, і жывуць, і жыць будуць (Я. Купала).

 

10. Коскай аддзяляюцца аднатыпныя парныя групы аднародных членаў сказа, звязаных паміж сабой злучнікам і.

 

Напрыклад:

Выпаў першы снег. Белай коўдрай улёгся на палеткі і лугі, рэкі і азёры (М. Машара).

Сосны і вязы, дубы і асіны вакол возера вартай пасталі (Я. Купала).

 

11. Калі злучнік і звязвае больш як дзве парныя групы аднародных членаў, то перад ім ставіцца коска.

 

Напрыклад:

Лясы ў нашай краіне можна сустрэць вялікія і малыя, і густыя і рэдкія, і хвойныя і змешаныя.

 

12. Калі злучнік і звязвае пары аднародных членаў, паміж імі коска не ставіцца.

 

Напрыклад:

Удзень і ўночы над палямі і лясамі чуліся выбухі снарадаў і аўтаматная страляніна (І. Мележ).

 

§ 46. Коска паміж словамі, якія паўтараюцца

 

1. Коскай раздзяляюцца аднолькавыя словы і радзей – спалучэнні слоў, не звязаныя паміж сабой злучнікамі (за выключэннем і, ды), якія пераважна стаяць побач і паўтараюцца для сэнсавага падкрэслівання працягласці, бесперапыннасці дзеяння, для колькаснага або эмацыянальнага выдзялення прадметаў, з'яў, асоб, для ўзмацнення прыметы і ступені якасці, сцвярджэння або адмаўлення і пад.

 

Напрыклад:

Плыве, плыве за хмарай хмара... (П. Трус).

Не веру, не веру і не веру. Гэтага не магло быць (К. Крапіва).

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы, калыхайце, люляйце свой напеў векавы... (Н. Гілевіч).

Ніколі, ніколі нідзе не забыць, як хлопцы выходзяць адранкам касіць (П.Броўка).

І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! (Я. Колас).

І вам нічога не цікава, апроч сябе, апроч сябе (Г. Бураўкін).

 

2. Калі перад словам, якое паўтараецца, стаіць слова толькі або і толькі ці іменна, то коскамі выдзяляецца разам усё гэта спалучэнне.

 

Напрыклад:

Перад Лабановічам усплыў вобраз Ядвісі, і зноў аб ёй, толькі аб ёй, пачаў ён думаць (Я. Колас).

Значыць, ты з ім, іменна ты з ім, а не ён з табою (А. Кулакоўскі).

У яго, і толькі ў яго, хацела б яна вучыцца мужнасці, высакародству, адданасці справе (А. Васілевіч).

 

3. Калі перад кожным словам, якое паўтараецца, стаіць злучнік і, то перад ім ставіцца коска.

 

Напрыклад:

І гудуць, і гудуць па азімай раллі трактары (М. Танк).

Глуха шэпча лес зялёны, і шуміць ён, і шуміць (Я. Колас).

 

Коска ставіцца перад далучальнымі злучнікамі і, ды, якія стаяць пры паўтораным слове з удакладненнем.

 

Напрыклад:

Я пакахаў цябе з дзяцінства, і пакахаў да слёз (П. Трус).

 

4. Коскай не раздзяляюцца пры паўторным ужыванні словы, якія стаяць побач:

два словы, звязаныя адзіночнымі злучнікамі і, ды (у значэнні і): Хваля паветра дрыжыць і дрыжыць (Я. Колас). Кругом была вада і вада (Я. Маўр). Дні бягуць ды бягуць (Я. Колас);

два аднолькавыя або аднакаранёвыя словы, калі наступнае слова ўжываецца з адмоўем не: было не было, прасі не прасі, хочаш не хочаш, дагоніш не дагоніш, купіў не купіў, злавіў не злавіў; дрэва не дрэва, брат не брат, і ён не ён; насіць не перанасіць, вазіць не перавазіць, прасіць не дапрасіцца, чакаць не дачакацца, капаць не дакапацца; сказаць не скажаш, зрабіць не зробіш, зрабіць не зраблю і інш.;

два аднолькавыя словы, калі наступнае слова ўжываецца з часціцай дык і паўтараецца для ўзмацнення меры дзеяння, ступені якасці: закінуў дык закінуў, падскочыў дык падскочыў, скакаць дык скакаць, страсянуў дык страсянуў; вецер дык вецер, паводка дык паводка, чалавек дык чалавек. Калі самалёт крута пайшоў уніз, Сашка не спалохаўся: скакаць дык скакаць (М. Лынькоў). От гэта чалавек дык чалавек (Р. Сабаленка).

 

§ 47. Коска пры параўнальных зваротах

 

1. Параўнальныя звароты, якія пачынаюцца злучнікамі як, бы, як бы, нібы, нібыта, быццам, як быццам, што, як і, чым, выдзяляюцца коскамі.

 

Напрыклад:

Па небе хмары, як палотны, паўночны вецер рассцілае. (Я. Колас).

Дзяўчаты, нібы русалкі, карагоды водзяць (П. Панчанка).

Поле, нібыта падковай, акружана лесам (І. Навуменка).

Над возерам устае, быццам белая воўна, пахучы туман (З. Бядуля).

Зоры высыпаюць, бы іней... (Я. Колас).

Высокі, аж пад столь, плячысты, што воз сена, стройны і роўны, што сасняк у бары, смуглявы і вясёлы, з усмешкай на белых зубах, як у дзіцяці, ён ішоў на круг (І. Пташнікаў).

 

2. Выдзяляюцца коскамі спалучэнні слоў як адзін, як правіла, як звычайна, як знарок, як цяпер, як заўсёды і пад.

 

Напрыклад:

Мы па сігналу ваеннай трывогі ўсе, як адзін, уставалі на бой (П. Глебка).

Пажылыя людзі памятаюць, як цяпер, дзень заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Каля сельмага, як заўсёды, збіраюцца вяскоўцы.

 

3. Пры параўнальных зваротах са злучнікамі як, як быццам, чым і іншых у шэрагу выпадкаў коска не ставіцца.

Коска не ставіцца перад злучнікамі як і чым у спалучэннях больш як (не больш як), больш чым (не больш чым), менш як (не менш як), менш чым (не менш чым), не бліжэй як, не далей як, не часцей як, не радзей як, не іначай як, усё роўна як і пад., якія выражаюць абмежаванне ў прасторы, часе, колькасці.

 

Напрыклад:

Абоз расцягнуўся больш як на вярсту (Я. Колас).

Менш чым праз хвіліну Несцяровіч вярнуўся ў хату (К. Чорны).

У вышыню [дуб] не менш як трыццаць метраў, таўшчыня – тры-чатыры абхваты (В. Вольскі).

 

У такіх спалучэннях коска перад як і чым ставіцца тады, калі яны сэнсава і інтанацыйна выдзяляюцца.

 

Напрыклад:

Гасцей чакалі не раней, як праз паўгадзіны (Я. Колас).

Лес патрэбен людзям не меней, чым хлеб (І. Навуменка).

Людзей у лесе было больш, як грыбоў. (Я. Колас).

Ён меў права затрымлівацца ў адным месцы не больш, чым суткі (Я. Брыль).

 

4. Не выдзяляюцца коскамі:

устойлівыя выразы са злучнікам як: як мага, як след, як мае быць, як належыць, як не ў сябе, а таксама як на далоні, як на іголках і пад.;

 

Напрыклад:

Здалёк разгледзець жанчыну як след было цяжка (М. Лупсякоў).

Трэба як належыць рыхтавацца ў дарогу.

Не паспеў Лабановіч як мае быць разгледзець гэтыя ўбогія апартаменты вартаўніка, як зараз жа выплыла з-за дрэў яго постаць (Я. Колас).

 

ўстойлівыя параўнанні з як: відна як днём, гол як сакол, галодны як воўк, злы як сабака, белы як палатно, белы як снег, пабляднеў як палатно, моцны як дуб, здаровы як бык, лёгкі як пярынка, няўклюдны як мядзведзь, патрэбны як паветра, чорны як сажа, цвёрды як камень, чырвоны як рак, цёмна як ноччу, хітры як ліса, палахлівы як заяц, халодны як лёд, баяцца як агню, берагчы (глядзець) як вока, ведаць як свае пяць пальцаў, маўчаць як рыба, біцца як рыба аб лёд, не бачыць як сваіх вушэй, як рукой зняло, як рукой падаць, як кот наплакаў, растаў як снег, лопнуў як мыльны пузыр, прыстаў як смала, стаіць як укопаны, спаў як забіты, расце як на дражджах, адчуваць сябе як дома, усе як на падбор, як на далоні, як на іголках.

5. Не выдзяляюцца коскамі параўнальныя звароты, якія з'яўляюцца іменнай часткай выказніка.

 

Напрыклад:

Яны для мяне як бацькі (В. Быкаў).

Ты як песня тая (Я. Пушча).

Ліпа нібы цёмная хмара за акном (Я. Брыль).

 

6. Коска не ставіцца перад параўнальным зваротам, калі перад ім ёсць часціца не або прыслоўі зусім, амаль.

 

Напрыклад:

Андатра ўмывалася амаль як чалавек (В. Вольскі).

Міхась трымаўся не як сталы чалавек (Я. Колас).

Сонца прыгравала зусім як летам (М. Паслядовіч).

 

7. Не выдзяляюцца коскамі звароты з як, калі яны ўжытыя са значэннем “у якасці” або са значэннем тоеснасці.

 

Напрыклад:

Чмаруцьку ведаюць усе як чалавека з фантазіяй (М. Лынькоў).

Я захоўваю франтавыя пісьмы братоў і сяброў як памяць аб іх.

Гэта кніга выдадзена як дапаможнік для студэнтаў.

 

 




Поиск по сайту:

©2015-2020 studopedya.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.