Помощничек
Главная | Обратная связь


Археология
Архитектура
Астрономия
Аудит
Биология
Ботаника
Бухгалтерский учёт
Войное дело
Генетика
География
Геология
Дизайн
Искусство
История
Кино
Кулинария
Культура
Литература
Математика
Медицина
Металлургия
Мифология
Музыка
Психология
Религия
Спорт
Строительство
Техника
Транспорт
Туризм
Усадьба
Физика
Фотография
Химия
Экология
Электричество
Электроника
Энергетика

Публiцыстычныя творы XVI – XVIII ст



У гэты перыяд развіваецца кнігадрукаванне, і таму неабходна адзначыць, што літаратуразнаўцы ўмоўна падзяляюць гісторыка-літаратурныя творы на рукапісныя і друкаваныя. Да рукапісных яны адносяць тыя матэрыялы, якія засталіся ў асабістым архіве пісьменніка і зберагліся незалежна ад таго, надрукаваныя яны ці не трапілі ў друк. Асноўным відам рукапісаў называюць аўтографы – уласнаручныя творчыя рукапісы пісьменніка, якія маюць пераважнае значэнне пры вырашэнні спрэчных пытанняў аб сапраўднасці тэксту, складзе твора, даціроўцы і г. д.

У азначаны перыяд мастацкая літаратура па-ранейшаму грунтуецца на гістарычным матэрыяле. Тыпізацыя і мастацкі вымысел прысутнічае ў большай ступені (у параўнанні з папярэднім перыядам), але па-ранейшаму ўсе творы падпарадкаваны імкненню да дакладнасці і адпаведнасці гістарычным фактам. Так, у цэнтры апісання гісторыка-эпічнай паэмы Яна Вісліцкага «Пруская вайна» (1516) знаходзіцца знакамітая бітва 15 ліпеня 1410 г. Паэтычны твор аб Грунвальдзе напісаны, па словах самога аўтара, з мэтай захаваць у памяці нашчадкаў гераічную славу народа-пераможцы. Разам з тым Я. Вісліцкі ведае аб «траіснасці Русі» (Чырвоная, Белая, Чорная), з павагай адзначае ролю беларусаў («стойкіх», «смелых»), якія выдатна карыстаюцца лукам. Асобныя даследчыкі мяркуюць, што паэт нарадзіўся або жыў некаторы час на Беларусі. Набходна адзначыць, што падчас працы над сваім творам Я. Вісліцкі карыстаўся выпіскамі з гістарычных крыніц аб Грунвальдскай бітве, таму ў паэме сустракаюцца звесткі, дэталі, якіх мы не знаходзім у іншых крыніцах.

Па-ранейшаму літаратурны твор лiчыўся творам выхаваўчым. Невыпадкова, што значная частка мастацкіх твораў мела павучальны змест. Таленавітыя літаратары адначасова з'яўляліся і выдатнымі педагогамі (Сiмяон Полацкі). Гэта таксама прадвызначыла тое, што большасць літаратурных твораў мела пэўную публіцыстычную накіраванасць. Сінтэзам гістарычнага апавядання і публіцыстыкі з'явілася паэма Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра» (1520), дзе мастацкі вобраз магутнага цара беларускіх пушчаў паказаны ва ўзаемадзеянні з пэўнай сацыяльна-палітычнай рэчаіснасцю Вялікага княства Літоўскага. Паэма – цiкавая крыніца вывучэння традыцый, ладу жыцця людзей XVI ст. Каштоўнай гістарычнай крыніцай з'яўляецца літаратурна-публіцыстычная спадчына Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, якая адлюстравала іх грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, эстэтычныя і педагагічныя погляды i дазволiла нам вывучаць характэрныя рысы грамадскай думкі Беларусі XVI ст.

Каштоўным пластом літаратурна-публіцыстычных твораў XVI – XVIII ст. стала палемічная літаратура (само слова «палеміка» ў дакладным перакладзе азначае «спрэчка», «вайна»), у развіцці якой можна вылучыць дзве плыні: свецкую і рэлігійную. Да першай можна аднесці такія яскравыя помнікі, як «Отпісы» Філона Кміты-Чарнабыльскага і «Трактат аб норавах татар, літоўцаў і масквіцян» Міхалона Літвіна. Аўтарам апошняга з названых твораў даследчыкі доўгі час лічылі Міхаіла Тышкевіча, які з'яўляўся адным з паслоў дыпламатычнай місіі ў Крым у 1538 г. (аб чым гаварылася ў творы)[cviii].

Зараз большасць даследчыкаў схіляецца да трактоўкі аўтара, прапанаванай польскім гісторыкам Е. Охманьскім: аўтарам «Трактата...» мог быць толькі Вінцэслаў (Вацлаў) Мікалаевіч, які жыў каля 1490 –
1560 гг., літовец па нацыянальнасці, католік па веравызнанні, лацінскі сакратар велікакняжацкай канцылярыі[cix]. У яго былі прычыны хаваць сваё імя, паколькі ў творы не толькі жорстка крытыкуюцца існуючыя парадкі ў княстве, але і названы прозвішчы многіх магнатаў і святароў. Сумуючы па «хоробрай Літве» часоў Вітаўта, ён звяртаецца да вопыту суседзяў княства.

Аналізуючы твор як гістарычную крыніцу, трэба мець на ўвазе, што публіцыстычны твор Міхалона часам набывае рысы памфлета, дзе прысутнічае пэўная гіпербалізацыя, перабольшванне. Наўрад ці сапраўды ў гарадах літоўскіх пілі больш, чым у маскоўскіх, а жанчыны вялі сябе больш распутна і кіравалі сваімі мужамі і г. д. Палемічная гіпербалізацыя тут спалучаецца з ідэалізацыяй дзяржаўнага ладу Крымскага ханства і Маскоўскай дзяржавы. Уплыў тэорыі аб рымскім паходжанні літоўцаў (Міхалон адкідвае, аднак, легенду аб Палемоне) дазваляе нам зразумець рэзка адмоўныя адносіны Міхалона да «рутэнскай» мовы, што пераважала ў справаводстве. Ён праслаўляе латынь. У творы заўважаецца характэрны для тагачаснай свядомасці перанос антычнай доблесці на стэпавікоў-качэўнікаў. Вядома, што польская шляхта выводзіла сябе ад легендарных сарматаў (іранамоўнае насельніцтва стэпаў ад Табола да Дуная ІІІ ст.
да н. э. – IV ст. н. э.). Перамогі качэўнікаў у гістарычным мінулым выклікалі не толькі страх, але і захапленне. Апошняе пераносілася на войскі маскоўскія і татарскія. Твор Міхалона дае магчымасць пазнаёміцца з уяўленнямі (магчыма, шырока распаўсюджанымі) пэўнай часткі мужчын княства аб жанчынах, сям'і, каханні і іх месцы ў жыцці чалавека і грамадства.

Патрыятычнымі пачуццямі, перажываннямі за сваю радзіму былі выкліканы і «Отпісы» аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Асноўная iх тэма – пагранічнае жыццё і сакрэтныя дадзеныя аб ваенных справах і намерах маскоўскага цара Івана Грознага. Аднак пэўныя з іх маюць выключна публіцыстычны характар. Так, у «Отпісах», адрасаваных кашталяну трокскаму, падканцлеру Вялікага княства Яўстафію Валовічу відавочныя імкненні апраўдаць свае дзеянні (сакрэтная перапіска з Масквою), ідэалізацыя маскоўскага цара, пэўны патрыятычны пафас: «Дитя еще невеста ходит, и с того дитяти мает быти внук – дай тому именье, еспектативу (прывілей на тую ці іншую
вакансію. – Аўт.) дай. Сыну дай, брату дай, слузе дай – а на абход Рэчы Посполитое што?..»

Царкоўна-палемічная публіцыстыка гэтага часу звязана найперш з барацьбой дзвюх хрысціянскіх канфесій у Вялікім княстве Літоўскім, са стварэннем і дзейнасцю уніяцкай царквы. Адным з пачынальнікаў палемікі стаў Пётр Скарга, рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі, які ў
1574 г. на польскай мове выдаў кнігу «Пра еднасць боскага касцёла пад адзіным пастырам». Ідэю Пятра Скаргі падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза і ўладзіміра-брэсцкі епіскап Іпацій Пацей, які пазней стаў уніяцкім мітрапалітам і заснавальнікам беларускай уніяцкай літаратуры. Яго пяру належаць тэарэтычныя трактаты «Унія грэкаў з касцёлам рымскім» і «Гармонія царквы з касцёлам рымскім», у якіх ён абгрунтоўваў унію, крытыкаваў лютэранства, кальвінізм і іншыя напрамкі рэфармісцкага руху ў Вялікім княстве Літоўскім.

Супраць контррэфармацыі і уніі выступілі Андрэй Волан, Лявонцій Карповіч, браты Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі. Мялецій Сматрыцкі праславіўся такім творам, як «Фрынас» («Плач адзінай святой агульнай апостальскай заходняй царквы...»). Напісаны вельмі таленавіта, з выкарыстаннем прац заходнееўрапейскіх пісьменнікаў і філосафаў, гэты твор меў велізарнае ўздзеянне на чытача, і таму выклікаў рэзкую ацэнку з боку не толькі каталіцкай царквы, але і каралеўскай улады. Лявонцій Карповіч, рэктар праваслаўнай брацкай школы, архiмандрыт віленскага Свята-Духаўскага манастыра па дэкрэту караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы быў зняволены на два гады турмы. Мялецій Сматрыцкі ж адышоў ад палемікі і заняўся педагагічнай, асветніцкай дзейнасцю.

Увогуле, для разумення азначаных твораў і іх вывучэння трэба мець на ўвазе канкрэтныя сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя ўмовы, у якіх разгортвалася палеміка. У другой палове XVI ст. паступова на змену рэфармацыйным ідэям, плыням вяртаюцца старыя догмы пра захаванне феадальнага ладу і ўплыву каталіцызму. Узнікае новы рух рэакцыйных феадальных сіл у Заходняй Еўропе – контррэфармацыя, якая набірае ў княстве сілу пасля смерці вядомага прыхільніка кальвінізму канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага. Унія і каталіцтва атрымліваюць дзяржаўную падтрымку. Менавіта таму творы праваслаўных дзеячаў выглядаюць пратэстам супраць прыгнёту. Між іншым, асобныя з іх былі такімі ж рэлігійнымі фанатыкамі, як Іязафат Кунцэвіч, вядомы прыхільнік уніі. Апошняе можна яскрава заўважыць на прыкладзе «Дыярыуша» Афанасiя Філіповіча. Улічваючы назву, многія даследчыкі адносяць гэты твор да гісторыка-мемуарнай літаратуры. Аднак можна заўважыць, што «Дыярыуш» мае складаную структуру[cx], і форма ўспамінаў была выбрана, па-першае, для паведамлення звестак аб сабе (у яго не было «сведачных» картак і Філіповіч складае «Гісторыю падарожжа»); па-другое, каб на прыкладзе свайго жыцця паказаць прыгнёт праваслаўнай царквы і акрэсліць крытыку уніі («навіны»). Наступная частка – «Фундамент непарадку касцёла рымскага» была дадзена ў мэтах крытыкi дзеянняў каталіцкага духавенства, а «Порада» – пэўны план дзеянняў, прапанаваны каралю. Такім чынам, «Дыярыуш» адпавядае ўсім канонам публіцыстычнага жанру: гістарычны матэрыял тут прысутнічае для доказу іх поглядаў.

3.4. Публiцыстычныя творы XIX – XX ст.[cxi]

У ХIХ ст. публiцыстычная лiтаратура не толькi павялiчваецца колькасна, але i набывае новае гучанне. У якасцi твораў публiцыстыкi выступаюць праекты дзяржаўных пераўтварэнняў i канстытуцый. Адбываецца зрошчванне публiцыстыкi i перыёдыкi (выдатным прыкладам гэтага з’ўляецца «Мужыцкая праўда» К. Калiноўскага.), узнiкаюць новыя формы, дакладна акрэслiваюцца лiтаратурна-мастацкая, навуковая i грамадска-палiтычная публiцыстыка. Вызначаюцца афiцыйная, праўрадавая i апазiцыйная публiцыстыка. Яркай старонкай беларускай публiцыстыкi другой паловы ХIХ ст. з’яўляецца публiцыстыка беларускiх народнiкаў[cxii].

У публiцыстыцы ХIХ ст. вызначаюцца кансерватыўны, лiберальны, дэмакратычны i рэвалюцыйна-радыкальны напрамкi, асобна вызначаецца публiцыстыка царквы. На пачатку ХХ ст. публiцыстыка становiцца адной з формаў партыйнай прапаганды; публiцыстычную накiраванасць набываюць нават праграмныя дакументы розных партый.

У ХХ ст. атрымліваюць шырокае развiццё такiя формы публiцыстычнай лiтаратуры, як пракламацыi, лiстоўкi (апошнiя асаблiва былi распаўсюджаны ў перыяд другой сусветнай вайны). Лiстоўкi выкарыстоўвалi не толькi савецкiя ўлады, але i нямецкi бок. Даволi часта лiстоўкi суправаджалiся малюнкамi, графiчнымi выявамi i наблiжалiся да плакатаў.

Эпiсталярныя крынiцы

Важную групу або катэгорыю гiсторыка-лiтаратурных крынiц складае эпiсталярная спадчына — пiсьмы, запiскi, пасланнi i г. д.

Пiсьмы можна падзялiць на наступныя вiды:

1) пiсьмы ў перыядычныя выданнi (тут трэба адрознiваць арыгiна-
лы – сапраўдныя пiсьмы, што былi дасланы ў перыядычныя выданнi i адклалiся ў архiве iх рэдакцый, i iх публiкацыi);

2) пiсьмы ва ўстановы (дзяржаўныя, грамадскiя, прыватныя). Паасобку яны могуць не мець цiкавасцi, паколькi найчасцей закранаюць прыватныя праблемы, але вывучэнне iх як масавай крынiцы дазваляе акрэслiць характэрныя рысы грамадскай думкi пэўнага часу[cxiii];

3) пiсьмы палiтычным, грамадскiм дзеячам, вучоным, прадстаўнiкам мастацтва. Пiсьмо, як, можа, нiякi iншы дакумент, здольнае спынiць iмгненне, паказаць чалавека з усiмi яго асабiстымi клопатамi i грамадскiмi сувязямi ў нейкi адметны момант жыцця (неабходна адрознiваць афiцыйную i прыватную перапiску);

4) прыватная перапiска. Прыватнае пiсьмо – гэта пiсьмовы асабiсты зварот аўтара да пэўнай асобы (цi некалькiх асоб). Устойлiвымi элементамi эпiсталярнага помнiка з’яўляюцца: указанне адраса, месца напiсання, даты напiсання, зварот да адрасата, подпiс аўтара пiсьма (але часам даследчыкi маюць справу з пiсьмамi, у якiх адсутнiчае асобны з пералiчаных элементаў, а здараецца – i ўсе разам ). Але ў змесце прыватнага пiсьма аўтар зусiм свабодны – ён можа пiсаць аб службовых, сямейных, асабiстых справах. Звычайна пiсьмо пiшацца не для друку, не для ўсеагульнага (нават частковага) азнаямлення з iм трэцiх асоб.

Вывучаючы эпiсталярныя крынiцы, неабходна валодаць звесткамi па гiсторыi пошты, яе ўстаноў, арыентавацца ў знаках (помнiках) паштовага звароту – марках, паштовых штэмпелях i iнш.

У сваiм развiццi эпiсталярныя крынiцы таксама прайшлi шэраг этапаў. Пiсьмы як форма зносiн мiж людзьмi былi распаўсюджаны ўжо з глыбокай старажытнасцi (пiсьмы на бяросце i iнш.). У Вялiкiм княстве асаблiва пашыраецца перапiска ў XVI ст. Вельмi цiкавым помнiкам
XVI ст., напрыклад, з’яўляецца пiсьмо Мiхаiла Глiнскага епiскапу Луку Ватцэльроду, напiсанае на паўлiсце паперы 12 жнiўня 1506 г. праз тыдзень пасля перамогi, атрыманай пад Клецкам. Яно дазваляе ўдакладнiць структуру i памеры войскаў, дзень галоўнай бiтвы (5 жнiўня) i колькасць страт. Пiсьмо князя епiскапу Ватцэльроду, з якiм ён быў у сяброўскiх адносiнах, мае яшчэ адно, больш iстотнае значэнне. Яно было напiсана ў перадсмяротныя днi караля Аляксандра, калi пераможца з-пад Клецка, выратавальнiк Лiтвы, згодна абвiнавачванняў яго апанентаў, быццам бы прэтэндаваў на ягелонскую спадчыну, на велiкакняжацкi пасад. Гэтае простае пiсьмо без упамiнання аб заслугах, якiя за iм прызнае складальнiк «Хронiкi Быхаўца», развенчвае легенду, якая вырасла вакол гэтага разгрому татар, вакол асобы военачальнiка, увасабленнем якой з’яўляецца верш Мацея Стрыйкоўскага.

У другой палове XVI ст. пiсьмы складана адрознiць ад iншых вiдаў апавядальных крынiц. У форме пiсьмаў складаюцца дзённiкi (Я.Збароўскi), эпiсталярная форма служыць для выяўлення сваiх думак, поглядаў, i вельмi складана размежаваць прыватную i афiцыйную перапiску (пiсьмы аршанскага старасты Ф. Кмiты-Чарнабыльскага). Вядомы таксама пасланнi, што прыпiсваюцца старцу Арцемiю, якi быў асуджаны за вальнадумства ў рэлiгiйных пытаннях Маскоўскiм Саборам 1554 г. i ўцёк у Лiтву[cxiv]. Таксама прыкладам можа служыць апублiкаваная А. Прахаскам[cxv] перапiска канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага Льва Сапегi, дзе ёсць пiсьмы да Л. Сапегi (у прыватнасцi, 93 пiсьмы караля Жыгiмонта, што тычацца абавязкаў Сапегi як канцлера i як сенатара, вельмi цiкавыя пiсьмы Iпацiя Пацея). Відавочна iмкненне Л. Сапегi як дзяржаўнага дзеяча ўзняцца над прыватнымi iнтарэсамi. I ўсё ж у такiх пiсьмах (як I. Кунцэвiчу 12 сакавiка 1622 г.) ва ўсёй велiчнасцi паўстае i асоба канцлера – чалавека разважлiвага, асцярожнага, патрыёта сваёй Айчыны. Прыватнае пiсьмо I. Кунцэвiчу было яму папярэджаннем, якое той не пачуў i загiнуў.

У XVIII ст., i асаблiва ў XIX ст. колькасць пiсьмаў iстотна павялiчваецца. Вельмi цiкавыя пiсьмы майстроў мастацкага слова – лiтаратараў. Пiсьмы (ёсць i другi раўназначны беларускi тэрмiн – «лiсты»), перапiска пiсьменнiкаў з сябрамi i сучаснiкамi – надзвычай каштоўная частка iх рукапiснай спадчыны. Нават таропкая дзелавая перапiска можа шмат дапамагчы ва ўстанаўленнi фактаў бiяграфii пiсьменнiка, яго сувязей, жыццёвых i творчых планаў i г. д. Пiсьмо можа выкарыстоўвацца гiсторыкамi ў самых розных планах: гiсторыя нашага кнiгадрукавання, чытацкага попыту, тэатра i г. д.

Эпiсталярная спадчына беларускiх пiсьменнiкаў XIX ст. захавалася i вывучана ў неаднолькавай ступенi[cxvi]. Вялiкiя страты па розных прычынах на працягу гадоў панесла карэспандэнцыя таго ж В. Дунiна-Марцiнкевiча (досыць сказаць, што не захавалася яго сяброўская перапiска з
С. Манюшкам).

Надзвычай карыснай для развiцця лiтаратурнага крынiцазнаўства i крынiцазнаўства наогул была б поўная навуковая публiкацыя эпiсталярыя Баршчэўскага.

Багата прадстаўлена ў публiкацыях i даследаваннях эпiсталярная спадчына Яна Чачота. Каля 100 яго пiсьмаў 1820 – 1822 гг. да сяброў-фiламатаў надрукавана ў 1913 г. Я. Чубаком у зборнiку «Карэспандэнцыя фiламатаў» з серыi «Архiвум фiламатаў». Нядаўна выбраная перапiска фiламатаў, у тым лiку Я. Чачота, выдадзена асобнай кнiгай у Варшаве[cxvii]. Эпiсталярная спадчына А. Вярыгi-Дарэўскага даволi багата прадстаўлена ў зборнiку «Пачынальнiкi». У 1981 г., да 150-годдзя з дня нараджэння пiсьменнiка, з’явiлася публiкацыя У. Мархеля «З эпiсталярнай спыдчыны Вiнцэся Каратынскага»[cxviii].

У неаднолькавай ступенi захавалася эпiсталярная спадчына нашых пiсьменнiкаў апошнiх дзесяцiгоддзяў XIX ст. Мы не ведаем на сёння нiводнага пiсьма А. Абуховiча i Ф. Тапчэўскага. Затое досыць паспяхова выяўляецца i вывучаецца даследчыкамi карэспандэнцыя Ф. Багушэвiча,
А. Ельскага, Я. Лучыны, А. Гурыновiча.

Надзвычай актыўную перапiску з сучаснiкамi вёў В. Савiч-Заблоцкi, асоба i дзейнасць якога апошнiм часам усё больш прыцягвае ўвагу нашых даследчыкаў. Яго багатая эпiсталярная спадчына яшчэ не да канца выяўлена i вывучана. Часам пiсьменнiк паведамляў у сваiх пiсьмах унiкальныя звесткi, невядомыя пакуль што па iншых крынiцах. Напрыклад, толькi з гэтых пiсьмаў мы даведалiся цяпер аб iснаваннi ў Пецярбургу ў 1868 г. беларускага культурна-асветнага таварыства «Крывiцкi Вазок», удзельнiкам якога быў В. Савiч-Заблоцкi, аб спробах выдання беларускiх газет на пачатку 1880-х гг.

Прыватны характар пiсьма не заўсёды захоўваў яго ад прачытання сучаснiкамi. У Расiйскай iмперыi праводзiлася перлюстрацыя пiсьмаў. Яшчэ большы кантроль за перапiскай iснаваў у Савецкiм Саюзе. Мала хто мог спадзявацца на захаванне тайны перапiскi. Таму вывучэнне эпiсталярных комплексаў павiнна ажыццяўляцца ў спалучэннi з iншымi крынiцамi, пры ўважлiвым аналiзе псiхалагiчных характарыстык аўтара, асаблiвасцей яго дзейнасцi i паводзiн.

Пісьмы дрэнна захоўваюцца. І хоць па ХХ ст. існуе велізарная колькасць матэрыялаў эпісталярнага характару, але ў большай ступені яны раскіданы па розных архівах, фондах, калекцыях. У савецкі час істотнае распаўсюджванне атрымаў такі эпісталярны жанр, як пісьмы ў савецкія ўстановы і газеты[cxix]. Паколькі амаль усе выданні з’яўляліся «органамі» пэўных устаноў, то апошнія былі абавязаны рэагаваць на «сігналы». Гэта часам садзейнічала паступоваму пераўтварэнню такіх пісьмаў у пэўны від даносаў (тым больш, што публікаваліся яны пад пэўнымі псеўданімамі). Так, напрыклад, пачыналася кампанія абвінавачванняў супраць членаў урада БССР І. Лабаноўскага і
З. Прышчэпава. Матэрыял, які быў надрукаваны 28 мая 1928 г. у газеце «Заря Запада», сведчыў аб тым, што ў Лёзненскім раёне існуе «ілжэкамуна, арганізаваная былым памешчыкам Аляксандрам Каньковым». Артыкул меў цікавую назву: «Помещики приспосабливаются. Надо обрезать им коготки» – і падпісаны: «Батрак».

Пераважная колькасць пісьмаў у дзяржаўныя ўстановы, газеты з 1920-х гг. не захавалася. Разам з тым вельмі цікавымі з’яўляюцца пісьмы кіраўнікам Савецкага ўрада 1918 – 1920 гг. Менавіта ў звароце да традыцыі шукалі праўды. Так, адзін аграном з Барысаўскага павета пісаў кіраўніку Савецкай дзяржавы, што мае вялікі вопыт і сілы для вядзення аднаасобнай гаспадаркі, што зможа даць больш прадукцыі, чым калектыў. Аднак пісьмо вярнулася з рэзалюцыяй: «вырашаць на месцы» (на календары быў сакавік 1920 г.). І на месцы, адзначыўшы вялікую працаздольнасць і эгаістычныя схільнасці «прасіцеля», вырашылі арганізаваць арцель.

Калі разглядаць матэрыялы прыватнай перапіскі, то на працягу
ХХ ст. значэнне гэтага жанру паступова змяншаецца. У параўнанні з
ХІХ ст. пісьмы становяцца не толькі лаканічнымі, але і менш эмацянальна насычанымі. Безумоўна, на гэта наклалі адбітак войны і рэпрэсіі. У пасляваенны перыяд паўплывала і развіццё сродкаў сувязі, найперш тэлефанізацыя гарадоў і вёсак Беларусі. З 1980-х гг. адчуваецца паступовае ўздзеянне распаўсюджвання лакальнай камп'ютэрнай сеткі Інтэрнет і электроннай пошты, што істотна відазмяніла характар і формы эпісталярнага жанру.

У матэрыялах перапiскi вельмi шмат агульнага з дзённiкамi. Пiсьмы пераважна складаюцца ў ходзе самiх падзей. Яны таксама заснаваны на памяцi i пiшуцца найчасцей у ходзе самiх падзей. Разам з тым матэрыялы перапiскi – па сваiх разнавiднасцях, жанрах – крынiцы больш складаныя i разнастайныя, чым дзённiкi. Эпiсталярная лiтаратура мяжуе i з многiмi iншымi вiдамi крынiц.

Перыядычны друк




Поиск по сайту:

©2015-2020 studopedya.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.