Помощничек
Главная | Обратная связь


Археология
Архитектура
Астрономия
Аудит
Биология
Ботаника
Бухгалтерский учёт
Войное дело
Генетика
География
Геология
Дизайн
Искусство
История
Кино
Кулинария
Культура
Литература
Математика
Медицина
Металлургия
Мифология
Музыка
Психология
Религия
Спорт
Строительство
Техника
Транспорт
Туризм
Усадьба
Физика
Фотография
Химия
Экология
Электричество
Электроника
Энергетика

Як гістарычная крыніца па гісторыі Беларусі



Асноўнай крыніцай для вывучэння дынамікі народанасельніцтва Расійскай дзяржавы XVII – першай паловы ХІХ ст. з’яўляюцца рэвізіі (ад лац. revisio – зноў разглядаю. Назва выклікана тым, што звесткі перапісу ўдакладняліся і першапачатковыя дадзеныя дапаўняліся). Асноўнай мэтай гэтага мерапрыемства быў улік усіх падаткаплацельшчыкаў (з часоў Пятра І – падушная подаць замест падворнага падаткаабкладання). Шэраг рэвізій фіксаваў і непадатковае насельніцтва (з 1833 г.).

У выніку таго, што рэвізіі часам праводзіліся даволі працяглы тэрмін, вызначаюць «асноўны год» кожнай рэвізіі (гэта значыць год, калі была ўлічана найбольшая колькасць насельніцтва). Усяго было праведзена 10 рэвізій і першым годам першай рэвізіі лічаць 1719 г. (далей 1744, 1762 – 1763, 1782, 1795, 1811, 1815, 1833, 1850, 1857 гг.). Першай рэвізіяй, якая закранула Беларусь, з’яўлялася IV рэвізія (1781 – 1782). Наступная,
V рэвізія ахапіла ўжо амаль усю яе тэрыторыю (1794 – 1796).

Першапачатковым матэрыялам рэвізій была рэвізская казка, што складалася на пэўную асобу або сям’ю. У ходзе рэвізій складаліся зводныя рэвізскія казкі на асобныя пасяленні, воласці і г. д. Да часу распаўсюджання рэвізій на тэрыторыi Беларусі склалася прыкладная форма казкі, якая змяшчала назву (дата, губерня, павет, сяло, уладальнік прыгоннага насельніцтва – у выпадку памешчыцкай вёскі), графу з нумарам сям’і, лічбы складу сям’і «па апошняй рэвізіі», колькасць і склад «выбыўшых» і «прыбыўшых» асоб, часова адсутных і выніковыя дадзеныя «ныне налицо». У заключэнні ставіліся подпісы адказных асоб. Казка змяшчала звесткі аб саслоўнай прыналежнасці, этнічным вызначэннi, памеры падаткаў і г. д. Звесткі рэвізскіх казак абагульняліся ў зводнай дакументацыі рэвізіі, якая складалася з перачнёвых ведамасцей, генеральных табеляў і акладных кніг. Перачнёвыя ведамасці з'яўляліся першым этапам абагульнення, у той час як генеральныя табелі фіксавалі звесткі на момант поўнага заканчэння рэвізіі.

Аднак трэба даволі асцярожна ставіцца да апублікаваных матэрыялаў, напрыклад зборніка «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму». Справа ў тым, што, нягледзячы на штрафы і іншыя санкцыі, па заканчэннi рэвізіі заўсёды выяўлялася вялікая колькасць тых, каго не палічылі, ці беглых (хто хаваўся ад уліку; iх называлi «прапiснымi»). Пасля рэвізіі пачыналі выяўляць такіх асоб, і гэта працягвалася да наступнай рэвізіі. А гэта значыць, найбольш поўныя звесткі аб колькасці жыхароў змяшчаюцца не ў тых зводках, што складаліся на момант заканчэння рэвізіі, а ў тых, што меліся напярэдадні наступнай.

Але ж апублікаваныя дадзеныя аб рэвізіях на Беларусі якраз і змяшчаюць у большасці выпадкаў вынікі, атрыманыя адразу пасля заканчэння рэвізіі, гэта значыць вельмі няпоўныя. Расійскі ўрад двойчы
(у 1799 і 1808 гг.) выдаваў указы аб дадатковай падачы рэвізскіх казак. У 1809 г. быў выдадзены ўказ сената, які вызначыў пакаранне яўрэям, што ўхіляліся ад перапісу (яны высяляліся ва ўкраінскія губерні з забаронай сяліцца ў гарадах і з правам займацца толькі земляробствам). Гэта было выклікана тым, што многія бяднейшыя жыхары горада, у тым ліку яўрэі, ухіляліся ад перапісу, каб не плаціць падаткі (чаму садзейнiчала iснаванне кагалу, бо менавiта ён выступаў у якасці прадстаўнічай арганізацыі перад царскімі адміністрацыйнымі органамі. Кагал нёс адказнасць за выплату агульнай сумы падаткаў, якая залежала ад агульнай колькасці членаў гарадскога грамадства).

VІ рэвізія была праведзена ў другой палове 1811 г. Зборам рэвізскіх казак займалiся павятовыя рэвізскія камісіі. Рэвізскія казкі аб купцах і мяшчанах павінны былі падаваць гарадскі галава і старасты, а дзе такіх не было – магістраты ці ратушы. Рэвізія праводзілася ў вялікай спешцы. Былі ўлічаны толькі мужчыны. Аказаліся не ўлічанымі непадатковыя саслоўі. Такім чынам, што датычыцца VI рэвізіі, то з-за вайны 1812 г. праверка прапісных па ёй амаль не праводзілася і мы маем толькі самыя прыблізныя звесткі. На думку М. М. Улашчыка, карыстацца ёю наогул не мае сэнсу. У той жа час VII рэвізія была праведзена ва ўмовах умацавання расійскага дзяржаўнага апарату і яе дадзеныя значна больш дакладныя. Таму параўнанне звестак VI і VII рэвізій на Беларусі немэтазгодна.

Увогуле вывучэнне дадзеных рэвізій неабходна праводзіць з іх удакладненнем (асабліва па непадатковых саслоўях). Для гэтага можна выкарыстаць матэрыялы царкоўнага ўліку насельніцтва. Найперш неабходна адзначыць бягучыя запісы духавенства ў метрычных кнігах і штогадовых кліравых ведамасцях.

Статыстычныя крыніцы

 




Поиск по сайту:

©2015-2020 studopedya.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.