Мiнералогiя, геалогія, батаніка, этнаграфія, фізіка, хімія - навукі, па сваёй натуры розныя. Аднак ёсць такі чалавек, які здолеў пакінуць сваю памяць у іх змесце. Адзін з самых знакамітых у свеце беларусаў Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года. Ужо ў чатырнаццаць гадоў Ігнат Дамейка быў прыняты на факультэт фізічных і матэматычных навук Віленскага універсітэта, дзе акрамя фізікі і матэматыкі атрымаў веды па тапаграфіі, архітэктуры, замежным мовам, гісторыі, літаратуры. А ўжо праз 6 гадоў ён здолеў абараніць дысертацыю і атрымаў ступень магістра філасофіі. Неўзабаве Чылійскі універсітэт набыў аднаго з самых найвялікшых вучоных свету, і Iгнат Дамейка прабыў там рэктарам да 1883. Праз год ён змог ажыццявіць сваю даўнюю мару - прыехаць у Беларусь, дзе яго сустрэлі згодна з нацыянальнымi традыцыямi. Гэты чалавек пакінуў свой след і сёння. Па яго шматлікіх падручніках вучыліся і вучацца студэнты Чылі, Перу, Мексікі. У Беларусі праводзяцца навуковыя канферэнцыі, прызначаюцца стыпендыі імя Ігната Дамейка. Памёр ён 23 лютага 1889 г.
Барыс Кiт
Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў беларускай сям’і ў Пецярбургу, дзе ў асяроддзі нацыянальнай інтэлігенцыі прайшлі першыя восем гадоў ягонага жыцця. Рэвалюцыя і цяжкае фінансавае становішча ў Расіі змусіла бацькоў вярнуцца ў вёску Сапатніцы пад Карэлічамі. Паводле Рыжскай дамовы (1921), якая падзяліла Беларусь на дзве часткі, родная Наваградчына адышла да Польшчы. Прагны да навучання хлопец скончыў народную школу ў Карэлічах (1926) ды Навагрудскую беларускую гімназію (1928). Шавіністычная палітыка польскіх уладаў і непрызнанне за беларусамі права на паўнавартаснае нацыянальнае развіццё толькі ўзмацніла ў ім беларускую самасвядомасць і загартавала змагарскі дух. Барыс збіраўся паступаць на гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, аднак лёс склаўся інакш. У 1931 годзе, яшчэ будучы студэнтам, Барыс Кіт (так яго памылкова запісалі ў польскамоўных дакументах, пасля чаго “новае” прозвішча і прыжылося) пачаў выкладаць матэматыку ў легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1939-м нават нейкі час ачольваў яе. Дзякуючы высілкам Кіта ў тым жа 1939-м у Навагрудку расчыніла дзверы адноўленая беларуская гімназія, дырэктарам якой ён стаў. Як і многія актыўныя ўдзельнікі беларускага руху ў Заходняй Беларусі, Кіт трапіў пад пераслед польскіх улад, двойчы сядзеў у вязніцы. За саветамі Кіт працаваў інспектарам аддзела адукацыі Баранавіцкай акругі (1939-41), а з прыходам немцаў арганізоўваў беларускія школы, ратуючы моладзь ад высылкі ў Германію. Дырэктар настаўніцкай семінарыі ў Паставах і Адміністрацыйна-гандлёвай вышэйшай школы ў Маладзечне, ён цудам мінуў смерці ў сутарэннях гестапа. Месяц у нацысцкай турме ў 1944-м Кіт называе самымі страшнымі днямі ў сваім жыцці. Асветніцкая дзейнасць падчас акупацыі прымусіла яго пасля вайны шукаць паратунку ад НКВД за мяжой. Павучыўшыся на факультэце медыцыны ў Мюнхенскім універсітэце (1945-48), Кіт знайшоў сваю "амерыканскую мару" ў найбуйнейшых аэракасмічных кампаніях Штатаў. Барыс Кіт правёў першае ў гісторыі фундаментальнае даследаванне якасцяў плыўкага вадароду, які пасля гэтага сталі выкарыстоўваць як асноўнае ракетнае паліва. У выніку стаў магчымы першы палёт чалавека на Месяц і далейшае развіццё касманаўтыкі. Дарэчы, матэматычны разлік палётаў касмічных караблёў на Месяц - таксама справа рук беларуса.
Даследаванні Барыса Кіта прынеслі яму вядомасць і аўтарытэт не толькі ў навуковых колах. Аднак пасады кіраўніка навуковай групы аддзела астранаўтыкі Міністэрства ваенна-паветраных сіл ЗША (1958-63) і старшага эксперта-даследчыка Дзяржінстытута сістэмнага аналізу міністэрстваў абароны і транспарту ЗША (1968-72), а таксама ўдзел у засакрэчаных распрацоўках зрабілі немагчымым кантакты з радзінай, якая засталася на Беларусі. Хоць за ягоным заакіянскім лёсам сачылі не толькі родныя.
Аднак магчымасць вяртання ў Савецкі Саюз вучоны нават не разглядаў. Ён супрацоўнічаў і сябраваў з буйнымі палітыкамі і вялікімі навукоўцамі.
Мала хто ведае, што наш суайчыннік быў адным з куратараў першых савецка-амерыканскіх перамоваў у галіне касманаўтыкі. Барыс Кіт уганараваны найвышэйшымі міжнароднымі ўзнагародамі ў галіне касманаўтыкі. Імя беларуса сярод славутых навукоўцаў Амерыкі замуравана ў капсуле часу ў сцяну Капітолія ў Вашынгтоне. Пры гэтым ён заўжды падкрэсліваў, што “выйшаў з Беларусі, з самай беднай вёскі”, чым ганарыцца.