Помощничек
Главная | Обратная связь


Археология
Архитектура
Астрономия
Аудит
Биология
Ботаника
Бухгалтерский учёт
Войное дело
Генетика
География
Геология
Дизайн
Искусство
История
Кино
Кулинария
Культура
Литература
Математика
Медицина
Металлургия
Мифология
Музыка
Психология
Религия
Спорт
Строительство
Техника
Транспорт
Туризм
Усадьба
Физика
Фотография
Химия
Экология
Электричество
Электроника
Энергетика

Этапы развіцця мемуарнай літаратуры на Беларусі



Як і іншыя віды апавядальных крыніц, мемуарныя творы маюць сваю ўласную гісторыю. У яе развіцці можна адзначыць наступныя этапы:

Першы этап акрэсліваецца ў другой палове XVI ст., калі летапісцы аддаюць перавагу сюжэту апавядання, мясцовым падзеям, гісторыі жыцця асобных сем’яў ці дзеячаў. З’яўляюцца творы, якія знаходзяцца на мяжы паміж летапісам і мемуарамі (напрыклад, Баркалабаўскі летапіс). Напачатку аўтар застаецца як бы староннім назіральнікам тых ці іншых падзей, апавядае аб сабе ў трэцяй асобе або ўвогуле не акрэслівае сваё існаванне («Дзённікі паходаў Стэфана Баторыя» і інш.). Але нават у тых творах, дзе асоба аўтара выразна прысутнічае, адзначаецца найбольш істотная, характэрная рыса развіцця мемуарнага жанру другой паловы XVI – XVII ст. – пільная ўвага да грамадскіх падзей у краіне. Уражанні аб убачаным, пачутым і перажытым былі настолькі моцнымі, што прымушалі сведкаў весці запісы, каб пакінуць гэтыя падзеі для гісторыі. Стваральнікамі твораў гісторыка-мемуарнай прозы былі ў асноўным прадстаўнікі шляхецкага саслоўя. У той час немагчыма было знайсці такой шляхецкай сям’і, дзе б ні вяліся дзённікі, і не толькі аб гаспадарчым і асабістым жыцці, але і аб найбольш важных палітычных падзеях, якія адбываліся ў краіне. Таму даследчыкі акрэсліваюць творы гэтага часу як гісторыка-мемуарную літаратуру.

Другі этап у развіцці мемуарнага жанру ў асноўным супадае з
XVIII ст. Калі раней, у XVII ст. дыярыушы пераважна бясстрасна фіксавалі падзеі, то цяпер у дзённіках і ўспамінах з’яўляецца суб’ектыўнае «я» аўтара, адлюстроўваюцца яго думкі і пачуцці (эгацэнтрычнасць). Мемуарыстыка ўзбагачаецца ў жанравых адносінах, набліжаецца да мастацкай прозы – прыгодніцкага рамана (І. Турчыноўскі, С. П. Пільштынова), сентыментальнай аповесці-споведзі (Ф. Карпінскі). У мемуарах гэтага часу прыметны традыцыі «жыцейскай», бытавой літаратуры, выкладанне матэрыялаў у форме дзённікавых запісаў, «раманаў у пісьмах». Усе гэтыя змены тлумачацца ўнутранымі зменамі ў тагачасным чалавеку, які ўсё больш усведамляў сябе асобай, індывідуальнасцю. У мемуарнай літаратуры XVIII ст. , як і папярэдняй, разам з тым шмат велізарных прагалаў – слаба паказана жыццё вёскі, амаль адсутнічае горад. Гэта патрабуе супастаўлення і дапаўнення мемуарных твораў іншымі крыніцамі.

Трэці этап акрэсліваецца на пачатку ХІХ ст. і ахоплівае перыяд прыкладна да 1920-х гг. Паступова павялічваецца колькасць твораў мемуарнай літаратуры, заўважны яе паварот да народнага, сялянскага жыцця. Узрастае палітызаванасць, інфармацыйная насычанасць крыніц, аўтары якіх былі ў цэнтры найбольш значных падзей свайго часу. Такая тэндэнцыя асабліва акрэсліваецца з канца 50 – 60-х гг. ХІХ ст. Пашыраецца кола аўтараў, сярод якіх – значная колькасць разначынцаў: чыноўнікаў, служачых, інтэлігентаў, а крыху пазней – купецтва, сялян і рабочых. У іх творах шырока адлюстроўваецца дзейнасць цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі, прадстаўнікоў народнай адукацыі, духавенства, жыццё сялянства і розных слаёў гарадскога насельніцтва, становішча арміі і г. д. У гэтых мемуарах асоба ўсведамляецца не сама па сабе, а ва ўзаемасувязі з рознымі грамадскімі групамі. Больш дакладна вызначаюцца грамадска-палітычныя погляды аўтараў. Узмацняецца публіцыстычная накіраванасць, мемуарныя творы набываюць грамадскае гучанне. Павялічваецца ўвага аўтараў да мастацкіх вартасцей мемуараў, яны часцей звяртаюцца да дакументаў і дапаможных матэрыялаў, каб падкрэсліць дакладнасць сваіх слоў. Асаблівасцю мемуарнай літаратуры канца ХІХ – пачатку ХХ ст. становіцца дакладнае вызначэнне аўтарамі сваёй сацыяльнай ці нацыянальнай прыналежнасці, грамадска-палітычных і ідэйных пазіцый.

Чацвёрты этап, як і папярэднія, не мае дакладнай храналагічнай мяжы. Ён акрэсліваецца з пачаткам паступовага ўстанаўлення Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі. Мемуары гэтага часу ўсё больш вызначаюцца ў якасці зброі ідэалагічнай і палітычнай барацьбы. Актыўна збіраюцца і публікуюцца ўспаміны ўдзельнікаў рэвалюцыйных падзей другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., Кастрычніцкага перавароту (ці, як пазней яго называлі, – рэвалюцыі), грамадзянскай вайны (1920 –
1930-е гг.). Мемуарысты адшукваюць тыповыя сітуацыі, тыповыя вобразы, прыходзяць да разумення тыповасці сваёй індывідуальнасці
(«я» – як і «ўсе»), дэманструюць непарыўнасць свайго лёсу з лёсам краіны, народа. Новым штуршком развіцця мемуарнай літаратуры стала барацьба з фашызмам у 1941 – 1945 гг. Узрастае колькасць мемуараў, а таксама з’яўляюцца новыя іх разнавіднасці: успаміны-анкеты, стэнаграфічныя і літаратурныя запісы ўспамінаў. Мемуары часам набываюць навуковую вартасць не толькі як крыніца, але і даследаванне (успаміны кіраўнікоў партызанскага руху П. К. Панамарэнкі,
П. З. Калініна і інш.).

З пачатку 1960-х гг. з’яўляюцца таксама ўспаміны дзеячаў культуры (З. Азгура, П. Мядзёлкі, А. Карпюка і інш.), савецкіх і партыйных кіраўнікоў, якія не ўдзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху
(К. Кавалёва).

Апошні, пяты, этап яшчэ толькі акрэсліўся з канца 1980-х гг. Яго характэрнымі рысамі, у адрозненне ад папярэдняга, сталі меншая ступень заідэалагізаванасці твораў, публікацыя тых з іх, што не маглі ўбачыць свет (успаміны рэпрэсiраваных, дзеячаў беларускай эміграцыі), імкненне выказаць тое, што не змаглі раней (у гэтым сэнсе асабліва паказальныя ўспаміны А. Карпюка «Развітанне з ілюзіямі»). Жыццё працягваецца, а значыць, працягваецца і гісторыя мемуарнага жанру.

 




Поиск по сайту:

©2015-2020 studopedya.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.